На акцыю пратэсту дробных прадпрымальнікаў 18 лютага сабралася некалькі соцень маніфэстантаў. З Кастрычніцкай плошчы іх выціснуў АМОН, якому камандзіры ўвесь час нагадвалі пра неабходнасьць пасьміхацца.

Ужо трэці раз за паўтара месяцы прадпрымальнікі выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менску, каб патрабаваць адмены прэзыдэнцкага ўказу №760. Калі дзьве першыя акцыі 10 і 21 студзеня былі досыць масавымі, то 18 лютага прадпрымальніцкая актыўнасьць прыгасла. Частка дробных гандляроў пасьпела зьмірыцца з указам, іншыя завязалі з бізнэсам, трэція перабраліся ў Расею.

Агулам у панядзелак на Кастрычніцкай плошчы ад сілы сабралася чалавек 200. Пры гэтым міліцыянты так і не дазволілі людзям сабрацца разам. Як толькі на Плошчы зьяўлялася група людзей большая за два дзесяткі, байцы спэцназу пачыналі адціскаць за Палац Рэспублікі, а ўжо пасьля на Пляц Волі. Па пэрымэтры Плошчы былі расстаўленыя аўтазакі. На папярэдніх акцыях такіх вялікіх мераў перасьцярогі не было. Дзяжурыла міліцыя і ў падземных пераходах.

Лідэры прадпрымальніцкага руху Алесь Таўстыка, Віктар Гарбачоў, Віктар Калей, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, а таксама большасьць журналістаў першымі трапілі ў кола спэцназаўцаў. Іх пачалі выцясьняць у бок Опэрнага тэатру.

На Плошчы ўсё працягвалася па старому сцэнару, як толькі зьбіралася невялікая група людзей, спэцназаўцы адразу пачыналі адцясьняць іх з Плошчы. Праўда, у хуткасьці ўсіх адпускалі. Знаёмая журналістка напрыканцы акцыі скардзілася: «Пяты раз выганяюць з Кастрычніцкай. Стамілася ўжо».

На Плошчы пастаянна заставалася толькі Крысьціна Шацікава, якая пры зьяўленьні спэцназаўцаў адразу садзілася долу. Паспрабаваўшы некалькі разоў яе падняць, байцы вырашылі адчапіцца да жанчыны.

Частка людзей — чалавек 30‑50 — увесь час стаяла на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Энгельса, але на Плошчу выходзіць не наважваліся. Пэўны час на Плошчы фактычна не было ніякіх транспарантаў і расьцяжак. Толькі Вольга Казуліна разгарнула расьцяжку ў падтрымку свайго бацькі: «Свабоду Казуліну». Ужо празь пяць хвілін яе закінулі ў аўтазак і адвезьлі ў Цэнтральны РУУС. Там для прыліку, патрымаўшы з гадзіну, Вольгу Казуліну выпусьцілі.

На подступах да Плошчы быў затрыманы Аляксандар Мілінкевіч разам са сваімі памочнікамі Алесем Лагвінцом і Аляксеем Кавальцом. Іх затрымалі пяцёра супрацоўнікаў ў цывільным пад зачэпкай «спраўдзіць дакумэнты», пасьля чаго адвезьлі ў сьледчы аддзел МУС (вул. Сапёраў, 7). Там усіх паасобку дапыталі ў якасьці сьведкаў па крымінальнай справе за акцыю 10 студзеня. Пасьля іх таксама адпусьцілі.

Частка прадпрымальнікаў зьбіралася рушыць да будынку тэлеканалу АНТ, але дайсьці да Камуністычнай, 6 так і не ўдалося. Як потым стала вядома, прадпрымальнікам усё ж атрымалася перадаць зварот на Белтэлерадыёкампанію з патрабаваньнем жывога эфіру.

Лідэры прадпрымальніцкага руху ўжо заявілі аб падтрымцы вулічнай акцыі на Дзень Волі.

Зьміцер Панкавец

* * *

13.30 Невядомы мужчына зрабіў другую спробу справакаваць канфлікт. Ахвяру ён выбраў яшчэ здаля: ёю зрабілася журналістка літоўскага тэлеканала L1. Хуліган накінуўся на жанчыну і сарваў зь яе пасьведчаньне пра журналісцкую акрэдытацыю. Міліцыя зноў умяшался. Пасьведчаньне давялося вярнуць. Парушальнік грамадзкага спакою паспрабаваў быў зрабіць прамову з блытаным сэнсам, аднак неўзабаве сціх і знік за рогам вуліцы.

13.28 Ля будынку АНТ нікога няма. Пару дзясяткаў прадпрымальнікаў стаяць на рагу вуліц Куйбышава і Камуністычнай. Віктар Гарбачоў заклікаў прадпрымальнікаў разыходзіцца, каб унікнуць правакацый.

На Кастрычніцкай плошчы таксама знаходзіцца пару дзясяткаў чалавек. Тамака пануе вяласьць і апатыя.

13.25 Нейкі мужчына сярэдняга веку з гучным крыкам паспрабаваў распачаць бойку з журналістамі. Міліцыя ўмяшалася даволі апэратыўна – хулігана адвялі на іншы бок дарогі.

13:10 Прадпрымальнікі пайшлі да будынку тэлеканала АНТ. Яны патрабуюць прамога эфіру, каб выказаць сваю пазыцыю. Спецназ перакрыў доступ да тэлебачаньня. Адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Віктар Гарбачоў накіраваўся ў будынак, каб паспрабаваць дамовіцца на сустрэчу з прадстаўнікамі тэлеканалу, паведамляе Эўрарадыё

12:58 Тым часам стаяньне на рагу вуліцы Энгельса і праспэкта Незалежнасьці працягваецца. Зьявіўся граф Прушынскі. Яго актыўна фатаграфуюць, у тым ліку і на мабільныя тэлефоны, бяруць аўтографы. Граф раздае інтэрвію. Міліцыя зь цікавасьцю пазірае на сапраўднага шляхціча.

12.55 Затрыманыя Алесь Макаеў і Вячаслаў Сіўчык. Яны ехалі на Плошчу на таксоўцы, за імі ўвязаўся хвост, перад Кастрычніцкай машыну спынілі. Макаева і Сіўчыка адвезьлі ў РУУС Ленінскага раёну. Пратаколаў пакуль не складаюць, але гэта да пары да часу.

12.52 Пад сьценкай Цоя чатыры фотажурналісты -- Юля Дарашкевіч, Андрэй Лянкевіч, Сяргей Грыц, Васіль Сямашка -- паселі на брук. Яны патрабуюць, каб іх пусьцілі на Плошчу. Палітычных патрабаваньняў яны пакуль не высоўваюць :)

12.38 Вольга Казуліна выйшла на плошчу, бліжэй да экрану тэлевізара, з расьцяжкай у падтрымку свайго бацькі: "Свабоду Казуліну". Яе, пару дзясяткаў чалавек разам з журналістамі, празь дзьве хвіліны і ўзялі ў кола і павялі за Палац Рэспублікі.

12.32 Людзей выціскаюць з унівэрсаму "Цэнтральны", не даюць прайсьці у мэтро. Адна пэнсіянерка паскардзілася нашаму карэспандэнту, што міліцэйскае начальства яе адкрытым тэкстам, не зважаючы на паважны ўзрост паслала на тры літары.

Алесь Таўстыка, адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху, праводзіць прафіляктычныя гутаркі са спэцназаўцамі, якія выштурхоўваюць мітынгоўцаў і журналістаў з плошчы. Таксама ён заявіў, што гатовы балятавацца ў прэзыдэнты.

12:24 На плошчы сабралася чалавек 30, але міліцыя выціснула іх у боку вуліцы Энгельса. Узьнкіла спрэчка паміж прапрымальнікам і міліцэйскім палкоўнікам. Палкоўнік кажа прадпрымальніку: "Чаго сюды прыйшоў". "З калегамі сустрэцца". "Ідзі адсюль спэкулянт" -- прапрымальніка некуды адціснулі.

Зараз да прадпрымальнікаў падыходзіць спэцназ. Частку выводзяць за Палац Рэспублікі.

12:19 На плошчы зьявіўся Мікола Статкевіч. Людзі дарэмна чакаюць Мілінкевіча, яго затрымалі людзі ў цывільным і зьвезьлі на вуліцу Сапёраў, што каля Палацу тэнісу на праспэкце Пабядзіцеляў.

12:18 Каля 20 чалавек -- прапрымальнікі і моладзевыя актывісты -- стаяць на рагу праспэкту і Энгельса. Усё ціха, зь лідэраў нікога няма. Супрацоўнікі палку міліцыі сіпэцпрыначэння, людзі ў цывільным.

12.12. Частку людзей адцясьнілі на вул.Інтэрнацыянальнай і суправаджаюць уніз, у кірунку Купалаўскага сквэру. Час ад часу групы спэцназаўцаў выціскаюць з плошчы групы людзей.

12.07 Спэцназаўцы матывуюць свае дзеяньні тым, што на Плошчы "заліваюць каток". З рацыі чуваць галасы іх начальнікаў: "Адзеньце ўсьмешачкі і будзьце добранькімі".

12.05. Спэцназ выціскае з Плошчы ўсіх, хто ня ёй яшчэ заставаўся. Дэмакратычная актывістка Крысьціна Шацікава, каб не сыходзіць, села проста на брук, яе не чапаюць. Ля Палацу рэспублікі заўважаны аўтазак.

12.01 На плошчы сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Спэцназ спрабуе адцясьняць іх за Палац рэспублікі. Заўважаныя прадпрымальніцкі лідэр Алесь Таўстыка, кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька. Людзі абыходзяць кола спэцназаўцаў і вяртаюцца на Плошчу.

ЗП, ЯС, відэа Алеся Бондара

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0