У Беларусі з 14 чэрвеня пачынаецца асноўны этап уступнай кампаніі — цэнтралізаванае тэставанне. Сёння абітурыенты здаюць беларускую мову. Пра парадак правядзення ЦТ распавёў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Міністэрства адукацыі Беларусі Мікалай Фяськоў.

Усім абітурыентам, у тым ліку іншагароднім, пажадана прыбыць у пункт тэставання загадзя — хаця б за 30 хвілін да пачатку. Іспыты па ўсіх прадметах ва ўсе дні будуць пачынацца адначасова — у 11.00.

Мікалай Фяськоў яшчэ раз папярэдзіў удзельнікаў ЦТ аб тым, што выкарыстоўваць у ходзе выпрабаванняў розныя прылады сувязі катэгарычна забаронена. Абітурыенты, якія парушаць гэта патрабаванне, пакінуць аўдыторыю і будуць пазбаўленыя магчымасці здаваць іспыты. Пры сабе на тэставанні неабходна мець пропуск, дакумент, які сведчыць асобу, ручку (гелевую або капілярную) з чарніламі чорнага колеру. Уваход у будынкі, дзе праводзяцца тэст-іспыты, усім, акрамя членаў камісіі і абітурыентаў, будзе катэгарычна забаронены. У гэтым годзе будзе выкананая традыцыя дастаўкі матэрыялаў ЦТ у пункты правядзення іспытаў фельд'егерскай службай.

Абітурыенты, якія напісалі нецэнзурныя словы на бланках адказаў цэнтралізаванага тэставання, не атрымаюць сертыфікаты ЦТ і не змогуць працягнуць удзел ва ўступнай кампаніі. Таксама не дапускаецца выкарыстанне экзаменацыйных матэрыялаў для рабочых запісаў. Для чарнавых запісаў арганізатарамі ў пунктах правядзення тэставання ў дастатковай колькасці выдаецца чыстая папера. Падвойныя або патройныя імёны па бацьку, прозвішчы, імёны павінны запісвацца ў дакладнай адпаведнасці з дакументам, які сведчыць асобу.

Інфармацыю аб выніках ЦТ можна будзе атрымаць у пункце тэставання (спісы на стэндах, на сайце ўстановы адукацыі, дзе будзе праходзіць тэставанне), а таксама на сайце РІКВ. Акрамя таго, можна скарыстацца SMS-запытам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?