«Гэта закон для нейкай асобнай маленькай групы людзей»

Закон аб альтэрнатыўнай службе ўрэшце прыняты. Вы задаволены?

Безумоўна, не. Так, пяцігадовая праца скончылася мінімальным, але поспехам. Але гэта закон не для ўсіх, а для асобнай маленькай групы людзей. Чаканні былі іншыя.

Каго Вы маеце на ўвазе пад «усімі»?

Калі пачыналася наша кампанія, мне самому было 23 гады, і яшчэ 4 гады для мяне была актуальнай праблема прызыву. У той час я займаўся моладдзю ў АГП, і для мяне, як палітычнага актывіста ліберальнага кшталту, было важна, выступаючы за прафесійнае войска, выкарыстоўваць законныя шляхі для паляпшэння сітуацыі ў Беларусі. Гэты шлях мы пабачылі ў 57 артыкуле Канстытуцыі.

Палітыкі павінны прымаць такія законы, якімі самі маглі б скарыстацца. Не толькі вернікам — кожнаму чалавеку Канстытуцыя дазваляе выбраць альтэрнатыўную службу.

Не варта было рабіць з альтэрнатыўнай службы такі жупел, які зрабіла з яе наша Міністэрства абароны. Гэта праблема Мінабароны, што людзі не хочуць служыць у войску. Мы ж не кажам, што ўсе павінны ісці на альтэрнатыўную службу. Не — стварайце добрыя ўмовы, каб чалавек хацеў служыць у войску.

У Германіі ў свой час амаль 50% прызыўнікоў абіралі альтэрнатыўную службу ў медычных і іншых установах. І пасля адмены прызыву немцы сутыкнуліся з праблемай, што ім не было кім замяніць гэтых людзей у шпіталях. І для нашай дзяржавы гэта быў бы добры шанец выправіць гэтую крывую стасункаў паміж моладдзю і дзяржавай. У свой час тыя ж немцы ў рамках альтэрнатыўнай службы прыязджалі ў Беларусь і працавалі ў нашых хоспісах. І было нармальна. А беларуская моладзь тую ж самую справу для сваіх жа старых рабіць магла б.

topwar.ru

«Грамадзянін сам павінен хацець ісці абараняць сваю дзяржаву»

Вы за прафесійнае войска. А як жа прыклад Літвы, якая вяртае прызыў?

Прыклад Літвы мне падаецца тут не вельмі карэктным. Справа ў тым, што краіны Усходняй Еўропы, у тым ліку і Літва, не выконваюць абавязкаў НАТА па бюджэце арміі. І на прыкладзе Украіны мы бачым, што ратаванне тых, хто тоне, з’яўляецца справай выключна саміх тых, хто тоне. І таму літоўцаў я разумею, бо гісторыя паказвае, што ў выпадку войнаў Францыі, Англія і іншыя саюзнікі не адразу прыходзяць на дапамогу. Таму ў балтыйскіх краін проста няма выбару — ім патрэбна паказаць, што ў выпадку вайны яны здольныя хаця б некалькі дзён пратрымацца да падыходу войскаў НАТА.

Я не вайсковы аналітык – не буду адбіраць хлеб у спадара Алесіна, які лепей разважае на гэтую тэму, але скажу толькі, што Беларусі патрэбна вайсковая дактрына, згодна з якой і будзе вырашацца пытанне аб тым, якім будзе войска. Я абсалютна ўпэўнена магу сказаць, што ў новай Беларусі патрэбны новыя рэзервовыя службы, у якія нават дарослыя людзі маглі б пайсці і атрымаць вайсковую спецыяльнасць. Іншая справа, што стасункі паміж грамадзянінам і дзяржавай павінны быць іншымі: каб грамадзянін сам хацеў ісці абараняць сваю дзяржаву, а яна стварала належныя ўмовы, каб чалавек не проста прыйшоў і падмятаў плац.

Наколькі я Вас разумею, што Вы і за прызыў, і адслужыць бы гатовыя, але ў іншых умовах…

Некалькі гадоў таму я ўдзельнічаў у акцыі Міністэрства абароны «блогеры ў войску». Нас чатыры дні ганялі па розных вайсковых практыкаваннях у гэтых умовах. Нам паказалі, што яны могуць зрабіць нармальныя ўмовы для службы. Могуць — але не ўсюды.

Узяць пытанне таго ж самага вегетарыянца ў войску, пра якога мы пісалі. Ну не есць ён мяса, а ўсе смяюцца. Магчыма, я таксама смяюся. Але ж кожны чалавек — унікальны. І праблема не ў тым, што ён мяса не будзе есці, а што яго зачмараць там: «Ты што, не такі? Можа ты гей наогул?» Ва ўмовах закрытага мужчынскага калектыву ўрубаецца зусім іншая псіхалогія. І тут пытанне да дзяржавы, што ёй патрэбна — нармальная служба ці перафарматаванне грамадзяніна пад свае патрэбы.

У мяне сябар служыў у ізраільскім войску і расказваў мне пра тамтэйшы досвед. А гэта войска, якое, у адрозненну ад беларускага, пастаянна — і паспяхова! — вядзе баявыя дзеянні. У іх нават да веганаў выпрацаваны асобны падыход! Там, калі сістэма не можа выпрацаваць належныя ўмовы для сваёй адзінкі — гэта праблема сістэмы.

Я асабіста ведаю такіх вегетарыянцаў, якія самі зачмараць каго заўгодна. Мужчынскі калектыў — ён заўжды злы па вызначэнні, мне здаецца. Па-мойму, праблема не ў ім.

Так, згодны. Давайце я Вам іншы прыклад прывяду. Калі спадарыня Шчоткіна выносіла на разгляданне гэты законапраект, яна сказала, што разлічвае на тое, што гэтым законам скарыстаецца каля ста чалавек. Але мы з сябрамі адкрылі сайт Міністэрства працы і паглядзелі, колькі вольных месцаў было ў медычных установах для тых жа санітараў. Мы знайшлі некалькі сотняў па ўсёй краіне! Заробак там быў 3 мільёны, працоўны тыдзень — 5 дзён. Яны не могуць знайсці людзей нават на такія ўмовы. І тут у мяне пытанне: «Спадарыня Шчоткіна, калі Вы не можаце знайсці санітараў нават на вольны кантракт і маеце такую выдатную магчымасць вырашыць гэтую праблему, чаму Вы ёй не карыстаецеся? Вы хочаце сітуацыю ў Беларусі палепшыць ці проста Міністэрству абароны дапамагчы?». Мы знайшлі тысячы такіх вакансій па ўсёй краіне і пісалі лісты галоўным дактарам медычных устаноў і дэпутатам з інфаграфікай аб гэтым, каб яны спрыялі прыняццю закона аб альтэрнатыўнай службе.

Давайце нават не будзем глядзець так, што маўляў, «ты казёл, ліберал, не хочаш служыць у войску». Лепей паглядзім так, што ў пэўным раёне ў нейкім шпіталі бракуе 10 санітараў. Што, вы думаеце, юнак, які пройдзе праз гэта ў 18—21 год, стане горшым ці менш карысным для грамадства, чым той, які страляў? 

фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

«Закон скроены па горшых лякалах»

Карацей кажучы, мэта Вашай кампаніі не дасягнута. Што Вы будзеце рабіць далей?

Нельга сказаць, што зусім не дасягнута. Зразумела, што цяпер вернікаў, як раней, не змогуць прыцягнуць да адказнасці за адмову трымаць у руках зброю. Гэта, безумоўна, ужо вынік. Мы будзем далей займацца праблемамі прызыўнікоў, якія да нас пачалі звяртацца яшчэ з 2012 года. У нас ёсць зарэгістраваная ўстанова «Цэнтр правоў прызыўніка», якая мае свой сайт і досыць плённа працуе. Што яшчэ датычыць дапрацоўкі закона, дык праблема ў палітычным полі — калі ў краіне няма сапраўднага парламента, то нічога тут не зробіш.

Што тычыцца бліжэйшых планаў, то на бліжэйшыя два гады, у сувязі з сітуацыяй ва Украіне, калі мы будзем прапаноўваць адмену прызыву, грамадскае меркаванне нас проста парве. У нас ёсць ідэі па праекце, які дапамог бы прафесіяналізацыі беларускага войска. Бо праблема ж таксама ў тым, што дарослыя, разумныя і адукаваныя ў войска цяпер не ідуць, а ідуць тыя, хто сябе ў жыцці не знайшоў ці з універа вылецеў.

Добра. Як тады гэты закон павінны выглядаць у ідэале?

Гэты закон трэба цалкам перапісваць.

Самая першая рэч — падставы для атрымання дазволу на альтэрнатыўную службу. У сённяшнім варыянце гэта выключна рэлігійныя перакананні. Мы выступалі за заяўляльны прынцып, каб любы прызыўнік мог свабодна абраць альтэрнатыўную службу.

Другі момант — працягласць службы. Расія была тут найгоршым прыкладам. У іх тэрмін альтэрнатыўнай службы ў 1,75 разу даўжэйшы за тэрмін вайсковай службы. Па гэтай прычыне ў іх усяго каля 300 чалавек за год абіраюць альтэрнатыўную службу. А каб тэрмін быў у два разы даўжэйшы — гэта адназначна не, выбачайце.

Трэцяя рэч — гэта ўмовы: чалавек атрымлівае фіксаваны заробак. Я нават параўноўваў гэта з «хатняй хіміяй» — там умовы лепшыя атрымліваюцца! Чалавек на «хатняй хіміі» можа змяняць месца працы — галоўнае, каб працаваў. А фіксаваны заробак без залежнасці ад умоў працы і яе якасці — гэта, мне падаецца, камунізм. Гэта выпадак, калі дзяржава не хоча атрымаць эфектыўную працу.

Чацвёрты момант — гэта тое, што чалавек мусіць служыць шэсць дзён на тыдзень. Маўляў, ён не звычайны супрацоўнік, а прызыўнік, дык няхай шэсць дзён служыць.

Ідэальны закон павінен быць такі, каб сістэма была карыснай і для асобы, і для дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?