У беларускім нацыянальным характары пачалі адбывацца фундамэнтальныя зрухі. Піша Андрэй Вардамацкі.

Зьмяняюцца часы – зьмяняюцца патрэбы людзей. Мы, сацыёлягі, спрабавалі зьмераць галоўныя істотныя зьмены ў каштоўнасных арыентацыях беларускага грамадзтва.

Самым галоўным да гэтага часу зьяўлялася такая сытуацыя, калі беларускі чалавек меў сапраўды добрае эканамічнае самаадчуваньне. Яно не пагаршалася на працягу практычна ўсяго апошняга дзесяцігодзьдзя, за выняткам 2003 году. Але пры такім добрым – сярод усяго насельніцтва — эканамічным самаадчуваньні чаму ж тады адбыліся такія масавыя пратэсты ў 2006 годзе, чаму была Плошча сакавіка 2006 году?

Адкуль узяліся гэтыя людзі, што імі рухала? Што зьмянілася? Думаю, што трывіяльныя тлумачэньні аб заходнім подкупе ўжо ніхто не прымае сур’ёзна. Гэтыя тлумачэньні аб падкупленых Захадам маргіналах засталіся ў слаўных савецкіх пяцідзясятых і выцягнутыя з “машыны часу” з рухам назад. Насамрэч гэтымі людзьмі рухалі некаторыя абвостраныя і гранічна ўсьвядомленыя каштоўнасьці. І гэта былі зусім іншыя каштоўнасьці, зусім не матэрыяльна-кілбасных уласьцівасьцяў. Тут важна разумець, што, як правіла, сацыяльныя зьмены, народныя рухі-хваляваньні адбываюцца не таму, што эканамічная сытуацыя пагаршаецца аб’ектыўна, але таму што гэтая эканамічная сытуацыя пачынае ўспрымацца як горшая суб’ектыўна. (Дарэчы, адной з самых шчасьлівых нацыяў у сьвеце па сваім суб’ектыўным самаадчуваньні зьяўляюцца кубінцы – зь іхнымі месячнымі даходамі памерам некалькі дзясяткаў даляраў ЗША.) Мы паспрабавалі зьмераць структуру каштоўнасных арыентацыяў гэтых людзей. Выявілася, што дамінуючай у іх сталася такая каштоўнасьць як свабода.

Як вядома з тэорыі каштоўнасьцяў, найбольшую вагу, значнасьць заўсёды пачынае набіраць тая каштоўнасьць, магчымасьці рэалізацыя якой у дадзены моманты абмежаваныя (scarcity theory).Так сталася з каштоўнасьцю свабода.

Зрабіўшы гэтыя высновы, а на паўтары гады адышоў ад каштоўнасных вымярэньняў і вярнуўся да іх толькі ў самы апошні час. Выявілася, што адбыліся цікавыя зьмены. Цяпер тыя, у каго дамінуючай галоўнай каштоўнасьцю зьяўляецца «свабода», яны другой сваёй базавай каштоўнасьцю маюць “новыя магчымасьці». Новыя магчымасьці і свабода – гэта ланцужкі адзінага цэласнага неразрыўнага двупалярнага комплексу. Як сказалі б фізыкі — біполя. Адна каштоўнасьць — свабода — абавязкова мае на мэце існаваньне другой – новыя магчымасьці. Рэалізацыя адной каштоўнасьці – новыя магчымасьці – немагчымая без рэалізацыі іншай каштоўнасьці -- свабоды.

Ізноў спрацоўвае тэорыя недастатковасьці: каштоўнасьць, магчымасьцяў рэалізацыі якой няма альбо яны становяцца меншымі, падымаецца ў гіерархіі каштоўнасьцяў. Тое, што раней адбылося з каштоўнасьцю “свабода”, з той самай тэарэтычнай заканамернасьцю адбылася і з каштоўнасьцю «новыя магчымасьці». Зьмены палягалі ў тым, што пачаўся адыход ад традыцыйнай простай ідэалёгіі. «Чарка і скварка» ўвідавочкі стала губляць сваю прывабную моц і ўсё больш выглядаць як пост-ваенны і пост-савецкі анахранізм. У беларускім нацыянальным характары пачалі адбывацца фундамэнтальныя зрухі.

Беларуская талерантнасьць як базавая рыса нацыянальнага характару насамрэч ў цяперашняй канкрэтна-гістарычнай сытуацыі набыла форму канфармізму — маўклівай цярпімасьці да ўсяго, што адбываецца, пакоры. Трагічным вынікам шматлікай чарады спусташальных войнаў, якія прайшліся па Беларусі ў розныя часы, і асабліва апошняй Другой усясьветнай былі ня толькі забітыя людзі – але і забіты нацыянальны характар. Маленькая і вельмі пакорлівая краіна — вось значна больш адэкватная формула, чым тая, якая так часта выкарыстоўваецца ў афіцыйных рэляцыях і зваротах да “вельмі простага народу” альбо вонкавага сьвету, Захаду, што рамантычна не разумее сутнасьці таго, што адбываецца.

Можна назваць тры асноўныя прычыны такіх зьменаў і ўзвышэньня каштоўнасьці «новыя магчымасьці»:

1) Інфармацыя з вонкавага сьвету. Фізычна адчувальнае набліжэньне і абуральна-рэжучы вока прыклад Эўрасаюзу, які аказаўся аж у занадта непасрэднай блізкасьці, проста за суседнім кутом памежна-пешаходнага пераходу Каменны Лог.

2) Чарка і скварка, стабільнасьць сталі ўспрымацца не як дасягненьне, а як усё больш нарастаючае неразьвіцьцё, нескарыстаньне іншых больш шырокіх магчымасьцяў, якія так відавочна сталі заўважныя ў іншых краінах.

3) Матэрыяльны рост, да якога імкнуўся беларускі істэблішмэнт, згуляў зь ягоным ініцыятарам кепскі і сапраўды злы жарт. Імкнучыся ўтрымаць рэйтынг на пэўнай вышыні ўсенароднай любові, прэзыдэнт імкнуўся падтрымліваць матэрыяльны дабрабыт насельніцтва. Але справа ў тым, што пры дасягненьні пэўнага ўзроўню матэрыяльнага дабрабыту ў любога чалавека адбываецца рэструктурызаваньне каштоўнасных арыентацыяў – на першы плян выходзяць іншыя, не зьвязаныя толькі з патрэбамі элемэнтарнага выжываньня, простага матэрыяльнага існаваньня, але ўзвышаюцца патрэбы самарэалізацыі, адэкватнага інфармацыйнага забесьпячэньня і гэтак далей. А гэта менавіта тое, што ня можа даць наяўнае статус кво. І тады чалавек уступае ў пэрыяд выхаду, пошуку новых магчымасьцяў.

Усё сказанае тут пра новыя магчымасьці і свабоду датычыла ў першую чаргу да найбольш актыўных чальцоў беларускага грамадзтва. Але ў апошні час зьявілася новая сацыяльная рэальнасьць – як вынік знакамітага ўказу аб упарадкаваньні ільготаў. Указ, вымушана прыняты ў парушэньне ўсёй ідэалягічнай лініі сацыяльна-арыентаванай дзяржавы з-за ўзьніклых эканамічных цяжкасьцяў, нечакана выклікаў вялікія наступствы для істэблішмэнту. Зьявіўся новы пласт незадаволеных, назавём іх матэрыяльна-апусканыя. І яны знаходзяцца ня толькі і ў першую чаргу ня столькі сярод актыўных, зь вялікім асабовых рэсурсам людзей, але і сярод традыцыйнага электарату цяперашняга істэблішмэнту. Новыя магчымасьці для іх – гэта простае падтрыманьне магчымасьцяў ранейшых. Да людзей, што чакаюць і шукаюць сапраўды новыя магчымасьці, далучыліся людзі, для якіх новыя магчымасьці – гэта магчымасьць утрымаць хаця б былыя старыя магчымасьці.

Новыя магчымасьці – гэта даволі розныя рэчы для розных сацыяльных групаў. Для студэнтаў – гэта новыя магчымасьці ў сэнсе свабоднага перасоўваньня ў роднасныя навучальныя ўстановы за межамі, без узгадненьняў з дэканатам, неідэлягізаванае выкладаньне грамадзкіх навук, зьняцьце татальнага паліткантролю. Для прадпрымальнікаў – зразумелае празрыстае заканадаўства ў гліне бізнэс-актыўнасьці наагул і пададкаабкладаньня ў прыватнасьці. Для людзей навукі — пазбаўленьне ад не стасоўнай да сутнасьці грамадзкай дзейнасьці справаздачнасьці (прыкладам, пытаньня «колькі новых тэорыяў распрацавана»). Для самых топавых эшалонаў улады новыя магчымасьці – гэта магчымасьці нармальнага капіталістычнага ўкладаньня і росту накопленага накопленага капіталу, новыя палітычныя амбіцыі, прынамсі, гарантыі захаваньня капіталу. І гэтак далей.

Абмежаваны памерамі гэтага артыкулу, я не магу зрабіць тут падрабязны падгрупавы аналіз новых магчымасьцяў для кожнага сацыяльнага слою. Для краіны наагул новыя магчымасьці – гэта мадэрнізацыя эканомікі ўнутры і зьняцьце самаізаляцыі звонку. Самаізаляцыі ад Эўрапейскага Саюзу ў прыватнасьці і цывілізаванага сьвету наагул. З усімі вынікаючымі і накапляльна губляемымі эканамічнымі, культурнымі і палітычнымі перавагамі. Накапляльна – таму што краіну ўжо пачынаюць абыходзіць нафта- і газаносныя трубы, абыходзіць транспартныя аўтамабільныя плыні і гэтак далей – так вэктары сілавога поля агінаюць кропкі чужароднай прасторы.

Новыя магчымасьці – гэта тое, пра што цяпер думаюць людзі і будуць думаць яшчэ болей. Гэта новы істотны пласт у грамадзкай думцы, каштоўнасных арыентацыях людзей Беларусі. Ён будзе адыгрываць значную ролю ў электаральных паводзінах і той, хто гэта разумее, будзе мець добры электаральны патэнцыял.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?