Зборная Беларусі па футболе правяла шостую гульню ў адборы да чэмпіяната Еўропы. Супернік быў сур’ёзным – дзейны пераможца кантынентальнага першынства іспанцы.

Упершыню за доўгі час матч зборнай Беларусі па футболе сабраў аншлаг. Цяжка сказаць, чаго тут было болей: веры ў трэнерскі талент Аляксандра Хацкевіча, які падараваў надзею пасля перамогі ў Македоніі, ці жадання паглядзець на зорных іспанцаў. Бо сапраўды на трыбунах сустракаліся беларусы са сцягамі Іспаніі, аднак падаўляльная большасць заўзела за сваіх. Заўзела прыгожа, голасна, самааддана.

Нечаканым рашэннем нашага настаўніка было выставіць у браме Андрэя Гарбунова, які зарэкамендаваў сябе ў грэчаскім чэмпіянаце. Гарбуноў быў адной з галоўных зорак нашай каманды. Ягоныя шалёныя сэйвы не раз ратавалі беларусаў ад іспанскіх вернякоў. Аднак і адзіны ў гульні гол быў забіты якраз пасля памылкі нашага галкіпера. Ужо на апошняй хвіліне першага тайма пірынейцы падавалі штрафны зусім блізка ад нашай штрафной. Гарбуноў няўпэўнена згуляў на выхадзе, не дацягнуўся да мяча. Такой памылкай скарыстаўся Давід Сілва – 0:1.

Увогуле за ўсю першую палову гульні беларусы не змаглі нарадзіць ніводнага ўдара не тое, што ў створ, а нават у бок варот «чырвонай фурыі». Клас іспанцаў адчуваўся амаль у кожным асобным моманце.

На другі тайм нашы выйшлі з больш баявітым настроем. І ўжо ў самым пачатку выдатны выхад адзін на адзін меў Сяргей Карніленка, але пракінуць мяч у браму міма Ікера Касільяса не здолеў. Было яшчэ некалькі дастаткова вострых атак беларусаў, але трапнасці ім не ставала. Другі ўдар у створ варот іспанцаў быў на рахунку Івана Маеўскага.

Увогуле гульня зборнай Беларусі не пакінула адчування безнадзейнасці. Хлопцы Хацкевіча ўсё ж не растварыліся на фоне дзейных чэмпіёнаў Еўропы. Нашы шанцы на трэцяе месца ў групе знізіліся да мінімальных, але яшчэ застаюцца. Галоўныя матчы будуць восенню.

Астатнія матчы групы прынеслі наступныя вынікі: Славакія – Македонія – 2:1, Украіна – Люксембург – 3:0.

Становішча каманд: Славакія – 18 пунктаў, Іспанія – 15, Украіна – 12, Беларусь – 4, Македонія – 3, Люксембург – 1.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?