Няшчасны выпадак адбыўся днём 12 чэрвеня. Паводле папярэдняй інфармацыі, у аквапарку адпачывалі дзеці з пачатковых класаў адной са школ Драгічынскага раёна.

«Падчас купання другакласніца ўпала ў ваду. Выцягнулі ўжо сіняе цела, хуткая доўга рэанімавала і з дыягназам клінічная смерць даставіла ў бальніцу», — паведаміла чытачка, дадаўшы, што дзяўчынку дастаў з вады адзін з наведвальнікаў аквапарку.

Пацярпелую, якая знаходзіцца ў коме, медыкі даставілі ў Кобрынскую ЦРБ, затым у рэанімацыйнае аддзяленне Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы. Паводле звестак на раніцу 15 чэрвеня, стан дзяўчынкі характарызуецца як вельмі цяжкі.

У аддзеле адукацыі Драгічынскага раёна пацвердзілі інфармацыю аб траўмаванай школьніцы. Па словах начальніка аддзела Дзмітрыя Ігнатчыка, дзеці паехалі ў арганізаваную паездку ў Кобрынскі аквапарк. Суправаджалі вучняў двое настаўнікаў. Пацярпелая дзяўчынка сёлета скончыла першы клас.

Абставіны падзення дзіцяці ў ваду ўдакладняюцца. На месцы здарэння працавалі кобрынскія праваахоўнікі.

Паводле інфармацыі TUT.BY, следчыя распачалі ў дачыненні да настаўнікаў, якія суправаджалі групу, крымінальную справу па ч. 1 арт. 165 КК

— «Неналежнае выкананне абавязкаў па гарантаванні бяспекі жыцця і здароўя дзяцей, што пацягнула прычыненне малалетняму па неасцярожнасці менш цяжкага цялеснага пашкоджання».

Максымальнае пакараньне, прадугледжанае дадзенай часткай артыкула, - да трох гадоў абмежавання волі. За цяжкія цялесныя пашкоджанні або смерць дзіцяці другой часткай артыкула 165 прадугледжана да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?