Мапа Мартэла, зведзеная з 12 здымкаў. Выява: Ельскі ўніверсітэт

Мапа Мартэла, зведзеная з 12 здымкаў. Выява: Ельскі ўніверсітэт

Навукоўцы Ельскага ўніверсітэта (ЗША) аднавілі надпісы на мапе Генрыха Мартэла Германскага 1491 года — той самай, якой карыстаўся Хрыстафор Калумб, калі збіраўся ў плаванне да Індыі.

За пяць соцень год мапа струхлела настолькі, што немагчыма было прачытаць ніводзін надпіс. У 2014 годзе яе сфатаграфавалі ў 12 розных колерах, у тым ліку нябачных чалавечаму воку.

Здымкі «зляпілі» ў адзін з дапамогай камп’ютара і здабылі нямала цікавай інфармацыі. Напрыклад, Усходнюю Азію аўтар апісваў па звестках з «Вандровак Марка Пола», а Паўднёвую Афрыку — па невядомай на сёння частцы мапаў з манускрыптаў «Геаграфіі» Пталамея, напісанай паводле звестак афрыканскіх, а не еўрапейскіх даследчыкаў.

Раней нябачнае папярэджанне пра монстра ў Індыйскім акіяне

Раней нябачнае папярэджанне пра монстра ў Індыйскім акіяне

Тэксты на мапе апісваюць захапляльныя рэчы. У Індыйскім акіяне нібыта водзіцца «марскі монстр, які як Сонца ззяе, якога цяжка апісаць, сказаць можна толькі, што яго скура мяккая, а цела гіганцкае». А ў Паўднёвай Азіі нібы жыве народ Паноціі, які мае такія вялікія вушы, што можа спаць, укрыўшыся імі.

Тое, што Калумб карыстаўся менавіта гэтай мапай, ускосна пацвярджаюць яго ўласныя нататкі: ён чакаў пабачыць Японію там, дзе яе паказвае толькі мапа Генрыха Мартэла, — даволі далёка ад берагоў Азіі.

Праўда, мапа не дапамагла Калумбу знайсці альтэрнатыўны шлях да Індыі праз Атлантычны акіян. Замест таго ён даплыў да Багамскіх астравоў, а яго вандроўка адкрыла еўрапейцам Амерыку, не пазначаную на мапах тых часоў.

Глядзіце таксама: Нью-Ёркская публічная бібліятэка выклала 20 тысяч старых мапаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?