Колькасць адкрытых вакансій у Мінску стала менш амаль у тры разы ў параўнанні з мінулым годам. У гэтай сітуацыі вакансіі забіраюць за лічаныя гадзіны.

Так, працадаўцы ладзяць конкурсны адбор нават на грузчыкаў, якім прапануюць 3-4 мільёны рублёў у месяц, удакладняе намеснік начальніка міжраённага аддзела працаўладкавання «Першамайскі, Савецкі, Цэнтральны» Ірына Бранавец.

Калі з пачатку гэтага года ў базе звестак гэтага аддзела працаўладкавання налічвалася больш за 2500 вакансій, то за такі ж перыяд 2014-га гэтая лічба складала парадку 7300, прыводзіць статыстыку Ірына Бранавец.

Тым часам штодня ў міжраённым аддзеле працаўладкавання «Першамайскі, Савецкі, Цэнтральны» рэгіструецца ў якасці беспрацоўных 17-20 чалавек, удакладніў яго начальнік Сяргей Ляшко. Паводле яго слоў, ажыятажу няма. Да 6.00 ніхто не прыходзіць, а пасля 17.00 рэгіструюць 3-5 чалавек.

Беспрацоўных рэгіструюць «практычна ўсе спецыялісты аддзела працаўладкавання». Пры гэтым на афармленне папер для аднаго сыходзіць да 40 хвілін — гэта залежыць ад колькасці запісаў у працоўнай кніжцы. Напрыклад, у аднаго мінчука ў дакуменце значыліся 72 запісы.

Пры гэтым чэргаў у сталічныя цэнтры занятасці, якія з-за наплыву беспрацоўных з 3 чэрвеня працягнулі рэжым працы, не назіраецца, растлумачыў агенцтву «Мінск-Навіны» Сяргей Ляшко.

Паводле яго слоў, людзі, якіх можна ўбачыць раніцай каля дзвярэй, чакаюць не адкрыцця цэнтра, а аўтобуса для паездкі на сельгаспрацы.

«Многія, калі бачаць людзей у 7.45 раніцы каля ўваходу ў аддзел працаўладкавання, лічаць, што гэта чарга на рэгістрацыю, —звярнуў увагу Сяргей Ляшко. — Гэта не так. Насамрэч гэта людзі, якія чакаюць аўтобуса, каб адправіцца на сельгаспрацы».

Штодня 7-8 мінчан па кірунку аддзела працаўладкавання адпраўляюцца на сельгаспрацы ў калгас імя Дзяржынскага ў Мінскі раён, кажа Сяргей Ляшко.

Гараджане чысцяць сіласныя ямы, даглядаюць свойскую жывёлу, косяць траву, накрываюць цяпліцы.

Патрэбныя працоўныя рукі таксама ў фермерскую гаспадарку «Дружба і К», дзе на праполку бульбы, буракоў і морквы гатовыя ўзяць больш за 20 чалавек.

Да месца грамадскіх работ мінчан дастаўляюць на аўтобусе. За працу прадугледжана здзельная аплата.

Да прыкладу, за праполку гародніны можна зарабіць да 100 тысяч рублёў у дзень. Каб трапіць на грамадскія працы, трэба прыйсці ў аддзел працаўладкавання па месцы жыхарства.

Паглядзець поўны спіс аплатных грамадскіх работ можна на сайце Мінгарвыканкама. Да прыкладу, на 1 чэрвеня ў ім значылася 140 прадпрыемстваў, якія мелі патрэбу ў рабочых руках. Пры гэтым большасць прапаноў была для жадаючых заняцца не сельгаспрацамі, а уборкай тэрыторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?