Чарговае золата Еўрапейскіх гульняў для зборнай Беларусі заваявала Марына Літвінчук, якая атрымала перамогу ў фінальным заездзе байдарак-адзіночак на 5000 м.

Беларуская спартсменка паказала рэзультат 22 мін 48,990 сек. Марына Літвінчук доўгі час лідзіравала ў гэтым марафонскім заездзе, але на фінішнай прамой рэзка паскорылася брытанка Лэйні Бейчэр, аднак дагнаць беларуску яна не змагла, фінішаваўшы другой з рэзультатам 23 мін 05,625 сек, а бронзу заваявала венгерская спартсменка Рэната Кшай (23 мін 05,851 сек).

Гэта ўжо другое сённяшняе золата 27-гадовай Марыны Літвінчук - крыху раней яна разам з Маргарытай Махнёвай выйграла спаборніцтвы на байдарцы-двойцы на спрынтарскай дыстанцыі 200 м.

Раніцай бронзу ў спаборніцтвах мужчынскіх байдарак-чацвёрак на дыстанцыі 1000 м заваяваў беларускі экіпаж у складзе Паўла Мядзведзева, Рамана Петрушэнкі, Алега Юрэні і Віталя Бялько. Напярэдадні чэмпіёнамі на дыстанцыі 1000 м у каноэ-двойцы (С2) сталі беларусы Андрэй і Аляксандр Багдановічы, а экіпаж байдаркі-двойкі (К2) на дыстанцыі 1000 м Віталь Бялько/Раман Петрушэнка заваяваў бронзу.

У заключнай гонцы чэмпіёнаў і прызёраў вызначаць мужчыны-байдарачнікі на дыстанцыі 5000 м. Беларусь прадставіць Алег Юрэня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?