У аўторак у Данецку на некалькі гадзінаў знік спецыяльны карэспандэнт расійскай «Новой газеты» Павел Каныгін. Пазней прадстаўнікі «ДНР» завезлі яго за ўкраінскую мяжу і выкінулі ў чыстым полі.
фота Саймана Астроўскага
У панядзелак менавіта «Новая газета» паведаміла пра антываенны мітынг у Данецку, пад сценамі г.зв. «Дома ўрада» г.зв. ДНР.
У аўторак вечарам Павел у эфіры тэлеканала «Дождь» распавёў пра акалічнасці затрымання.
Каныгін паведаміў, што яго адвезлі на машыне да КПП «Мацвееў Курган» на расійска-ўкраінскай мяжы. На мытным пункце з ім пагутарылі прадстаўнікі ФСБ Расіі.
«Затрымалі мяне днём у момант маёй сустрэчы з прадстаўніком Міністэрства інфармацыі, якое займалася як раз-такі афармленнем маёй акрэдытацыі. Падобна на тое, гэта была нейкая чыстая правакацыя, не ведаю, як яшчэ гэта назваць. У момант афармлення акрэдытацыі да мяне падышлі аўтаматчыкі і сказалі, што ў мяне гэтай акрэдытацыі няма, і яны мяне затрымліваюць. Павялі мяне ў чорны таніраваны мікрааўтобус.
Адзін з узброеных людзей наставіў на мяне пісталет і сказаў мне, што я нервовы параноік, і «калі ты зараз торгнешся і скажаш нешта не так, я за сябе не адказваю».
Пасля чаго задаў мне толькі адно пытанне: «Ты за нас ці ты за ўкропаў». Я сказаў, што я за мір. Ён адказаў: «Ах ты, с***, за мір? Ну, атрымай». І даў мне ў вока.
На гэтым першая частка скончылася. А потым пачаўся допыт», — распавёў Каныгін.
Па словах журналіста, на допыце яго абвінавачвалі ў працы на «усё разведкі і спецслужбы свету», у зборы інфармацыі для ўкраінскіх журналістаў і супрацоўніцтве з украінскімі СМІ.
«Я сядзеў у кайданках падчас допыту. І больш за мяне не білі. Дазволілі нават схадзіць у прыбіральню. І фактычна прымусілі — я не мог адмовіцца - здаць аналіз мачы. Яны адразу ж сказалі, што будуць мяне выводзіць на чыстую ваду, і хацелі, каб я прызнаўся, што я наркаман.
І праз 2 хвіліны ўжо паведамілі, што я, аказваецца, ўжываю амаль усе віды наркотыкаў, што ў маёй крыві поўная табліца разнастайных рэчываў.
У рэшце рэшт склалі нейкі пратакол, дзе напісалі, што я быў у неадэкватным стане і на іх пытанні адказаць не змог. Праўда, копію мне так і не далі. І вось павезлі на мяжу», — паведаміў Каныгін.
«Аўтамабіль, у якім мяне везлі, спачатку пад'ехаў на пункт пропуску ў «ДНР», там праверылі мой пашпарт, рэчы і адправілі з мяшком і Ігарам Міхайлавічам [чалавек, які ўдарыў Каныгіна] на пункт пропуску «Мацвееў курган». Літаральна 100 метраў пешшу.
Ён павітаўся за руку з супрацоўнікам ФСБ і сказаў, што «вось кліент вам, абвінавачваецца ў тым, што не меў рэгістрацыі і працаваў без дазволу на тэрыторыі».
Цяпер мне самае галоўнае -дабрацца да месца, дзе я змагу хоць бы купіць пластыр. Таму што цяпер мой пластыр увесь у крыві», - дадаў Каныгін.