У ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка мы ішлі па доўгіх вузкіх калідорах жодзінскага ізалятара, ішлі хутка, перапрыгваючы праз калужыны на косай цэментнай падлозе. У такт нашым крокам звонка бразгалі ключы ў руках канваіра, якімі ён адчыняў безліч аднолькавых дзвярэй у халодных сутарэннях, пакуль на нас не дыхнула сырое веснавое паветра.

Слота хлюпала пад нагамі ў незашнураваных яшчэ чаравіках. Імжэў дождж. Першы дождж, які мы бачылі ў гэтым годзе, насамрэч быў не першым: за 8 сутак, праведзеных за кратамі, мы прапусцілі надыход сапраўднай вясны.

За тыдзень шмат чаго змянілася, мы аб гэтым даведаемся пазней. У ноч штурма яшчэ ляжаў снег, ад мароза чырванелі твары, але на чацвертыя суткі ўжо не адчувалася холада і стомленасці. З той ночы амаль нічога не памятаю. Адзіная рэч, якая ўразіла – хор галасоў, што ўпарта паўтараў адзін з лозунгаў апошніх дзён – «Міліцыя з народам», - стоячы твар у твар з байцамі спецназа, што праз хвіліну кінуцца на ачапленне гарадка і раскідаюць нас па аўтазаках. «За кальцавую, у Курапаты, на кар’ер», - будзе гучаць чорны гумар раз’юшаных ад бяссонных начэй спецназаўцаў. Потым – акрэсцінскі дворык, калідоры, вобыск, пратаколы. Сярод традыцыйных пытанняў, якія тычацца затрымання, будуць трапляцца і іншыя: «Калі пачалася Другая Сусветная вайна?», «Квадратны корань з 16-ці?» Адказваю, праз некаторы час гэтыя ж пытанні мне задаюць ужо ў іншым кабінеце. Аднолькавыя словы пра Чэ Гевару, дэкабрыстаў… Няма сумневаў, што напярэдадні гэтых падзей перад прадстаўнікамі сілавых структураў праводзіўся якісьці лікбез.

Побач са мной у акрэсцінскіх калідорах стаяў хлопец з Украіны, ягоны пашпарт адразу ж прыцягнуў увагу самага маленькага спецназаўца з азызлым тварам і шапкай на самай патыліцы, як носяць хлопцы ў рабочых раёнах. Кожны раз, праходзячы побач, ён, амаль дацягваючыся да вуха украінца, шэптам штосьці казаў. Некаторыя рэчы я чула, усё не ўзгадаю, але памятаю наступнае: «Калі б там не здымалі, я цябе першым забіў бы». Ягоныя калегі ў гэты час жартавалі: «Калі здарыцца цуд і праз 15-20 год вы ўсё ж такі пераможаце, што зробіце з намі, старэнькімі міліцыянерамі?» Хтосьці побач шэпча: «Раней бяры. Не так доўга чакаць».

Потым нас развядуць па камерах з голымі нарамі. Цыгарэта, што сяброўка знайшла на калідоры і сунула мне ў кішэню, пойдзе па колу. Не ачуняўшы яшчэ ад намётавай рамантыкі, мы распачнем «Паветраны шар», скончыўшы яе воклічамі «Жыве Беларусь!» Нарад АМАПа ўварвецца ў камеру толькі тады, калі на калідоры пачуюць нашае «Застаемся!». «»Чаромхі» захацелася? Атрымаеце!» Пагроза акрэсцінскіх канваіраў так і застанецца пагрозай, а нас праз некалькі гадзінаў ізноў вывядуць з камераў і пасадзяць ў аўтазакі. За сценамі чакаюць людзі, мы ведаем аб гэтым: Вераніку Самаліньску, польскую журналістку, выводзілі на вуліцу, дзе яе чакаў консул. Яна і паведаміць нам аб натоўпе людзей, што сабраўся тут з раніцы.

Ужо позна, цямнее, але мы бачым праз затаніраваныя вокны тых, хто прыйшоў нас падтрымаць. Прыціскаем далоні да шкла, нягледзячы на крыкі канваіраў, хтосьці на вуліцы здымае ўсё на мабільны тэлефон. І слёзы, якія да гэтага часу ўдавалася ўтрымліваць сном, размовамі, злосьцю, раптам самі па сабе паліліюцца з вачэй. Вельмі не хочацца, каб гэта бычылі спецназаўцы, таму пакладу галаву на Асіна плячо і зраблю выгляд, што сплю. А тым часам па рукаве яенай барвовай курткі будзе распаўзацца цёмная пляма ад слёз. Нас павязуць ў Жодзіна, дзе скончацца эмоцыі і пачнуцца мае дзённікі.

25.03.2006 г.

У камеры на падлозе знайшлі стрыжань – вялікая радасць, бо ў дэфіцыце ўсё, са сваіх рэчаў не дазволілі нічога ўзяць. Але нейкім цудам удалося пранесці мабільны тэлефон, батарэя хутка сядзе, таму спяшаемся скінуць смс-кі і патэлефанаваць. Пазней, клі я буду на волі, у своёй паштовай скрыні знайду паведамленне ад сястры: «Калі ты не хочаш смерці маці, затэлефануй дадому». Страшна нават уявіць, што адчувалі нашыя сваякі і сябры ў тыя дні. Маці, якая заўсёды была моцнай жанчынай, якая сама збірала мне заплечнік на пляц, клапатліва паклаўшы туды тэрмас, касэты і нават маркеры для надпісаў, маці зламалася. Людзі не ведалі, дзе мы знаходзімся, учора па афіцыйных каналах прагучала паведамленне, што ўсіх адпусцілі. Але мы тут. У нашай камеры на 8 месцаў нас сямёра – Аля Сідаровіч, Ася Дарафеева, Оля Карэц, Іна Габрыльчык, Надзя Манцэвіч, Насця Ларына і я.

На дзіва, выдалі чыстую бялізну, нават рушнікі. Ёсць коўдры, падушкі, матрацы. На маім спаў Клышынскі А.А. – усё падпісана.

Сёння Дзень Волі. У 6 раніцы «сюрпрыз» – дзяржаўны гімн па радыё. Канваіры сталі будзіць. Уставаць адмовілася, узгадаўшы іх жа словы: «У камерах можна рабіць усё, што не перашкаджае іншым». Такім чынам выіграла яшчэ 2 гадзіны сна. У 8 гадзін прачнуцца ўсё ж такі прыйшлося – ранішняя праверка, падчас якой у камеры павінен быць парадак, ложкі засцеленыя. Мы стаім ля лавы ў рад і называем імя і імя па бацьку.

Прызвычайваемся да тутэйшых рэаліяў. Добрая рэч – вентыляцыя, праз якую перагаворваемся з суседнімі камерамі – своеасаблівы галасавы чат. Такім чынам даведаліся, што паліць можна хлеб, укручаны ў газету, калі хтосьці жадае з фільтрам – сінтыпон з куртак да вашых паслугаў. Дамовіліся наладзіць сустрэчу з «выпускнікамі» жодзінскага ІЧУ пасля вызвалення і адкрыць топік «Жодзіна» на якімсьці форуме.

Вадзілі ў душ. Гаспадарчае мыла аказалася прыдатным для мыцця галавы.

Спяваем песні, у кожнай з іх знаходзячы новы адпаведны сэнс: «Нам дворцов заманчивые своды не заменят никогда свободы», «Ах, как жаль, что этот день кончается, лучше б он тянулся целый год»…

У прадстаўнікоў кожнай прафесіі – свой гумар. Жарты канваіраў і турэмных медыкаў таксама вартыя ўвагі. У Асі забалеў страўнік, папрасілі но-шпу. «Но-шпы няма. Лепш не ешце смажанага, тлустага и вострага». Пры турэмным меню, канешне ж, выконваць парады ўрача будзе няцяжка.

Атрымалі навіны з волі: падчас сёняшняй акцыі адбыліся сутычкі з АМАПам, шмат затрыманых, збітых. Па радыё «Сталіца», тым часам, аб гэтых падзеях – ні слова. Затое у кожным выпуску – «Беларусь спрабуе дапамгчы зняволенным туркам, грэкам і сербам».

Нарэшце прынеслі прэсу – «Советская Белоруссия» за 2003 год. Але і тую расцягнулі па старонках і чытаем на ноч, каб хутчэй заснуць. Ці наадварот.

26.03.2006 г.

Да абеду абяцали вывесци на шпацыр. Чакали з надзеяй убачыць каго-небудзь з нашых. Аказалася – для кожнай камеры адведзена асобнае месца на свежым паветры – тая ж камера 3 на 4 метры, зверху – рашотка и калючы дрот. Паспявалі песні, зрабілі зарадку, каб не змерзнуць. Чулі, як прыводзілі на шпацыр дзяўчат з суседніх камер

Гуляем у «Кантакт» і ў «Кракадзіла», як высветлілася, гэтым жа займаюцца амаль усе.

27.03.2006 г.

Сёння суд. З раніцы настрой падняўся – па радыё «Сталіца» перадалі песню «Весна прыйдэ». Рэзананс прайшоўся па ўсіх камерах – перастукванні «Жыве Беларусь!» па сценах, танцы, размовы ў «чаце». Паведамілі, што БРСМ-аўцы пікетуюць амерыканскую амбасаду.

Чакаем ад’езду як сьвята – хоць нейкия перамены. Адзінае, што напружвае – канваіры-спецназаўцы ў аўтазаках: «Мы разумеем, навошта вам на плошчы быў алкаголь – трэба ж неяк сагрэцца. Але порначасопісы – з якой нагоды?!» Няма сілаў і жадання спрачацца, адны і тыя ж выразы заселі ў іхных галовах, спадзяюца на псіхалагічны штурм.

Пішу пасля суда. Па алфавіту нас размеркавалі па аўтазаках. Апаскі наконт канваіраў, дзякуй Богу, не спраўдзіліся. Спецназаўцы, якія нас суправаджалі, аказалілся на дзіва прыемнымі людзьмі. Сярод пачутага – АМАПа сярод людзей у форме спецназа мала. Форму апранаюць крэпкія хлопцы з іншых структураў – дзеля колькасьці і застрашвання. У якасці доказу адзін з канваіраў з лёгкасцю адклеіў ад кішэні надпіс «спецназ» – больш ніякіх асаблівых прыметаў на форме няма – атрымоўваецца звычайная міліцыя.

Адметная рыса, якую заўважыла яшчэ на Арэсціна – добрая памяць працаўнікоў сілавых структураў. Шмат каго ведаюць па прозвішчах, месцу жыхарства. Адзін з канваіраў ўзгадаў, што часта бычыў мяне ў метро на другой лініі, дзе я насамрэч часта езжу.

Спецназавец, з якім мы доўга размаўлялі, у рэшце рэшт пагадзіўся з тым, што кадры, паказаныя на БТ, сфабрыкаваныя самімі ж БТ-шнікамі, што 83 адсоткі – нерэальная лічба, што Усенародны сход – чарговая паказуха, прымацаваная да выбараў: «Але ж супраць сістэмы не папрэш»…

Даволі цікавую гісторыю пачулі ад тых жа канваіраў. У дні, калі стаяў намётавы гарадок, міліцыя ў цэнтры гораду затрымала нецвярозага мужчыну. Чалавек не меў ніякага дачынення да намётаў, выпіў з нейкай асабістай нагоды і паводзіў сябе даволі развязна. Калі ехалі на Акрэсціна, мужчына ўвогуле разыйшоўся, вырашылі запісаць у пратаколе, што яго затрымалі ў намётавым гарадку і такім чынам адпомсціць, пасадзіўшы «на суткі». Непалітычных у тыя дні не чапалі: ў турмах не было мейсца.

На працягу ўсяго шляху дазвалялі паліць, седзячы на прыступках, каб праз вокны не заўважыла начальства, давалі карыстацца сваімі мабільнымі тэлефонамі.

Усё гэта падалося казкай у параўнанні з тым, як абыходзіліся з нашымі хлопцамі і дзяўчатамі ў іншых аўтазаках. Тое, што дазвалялася нам, не дазвалялася ім, забаронена было нават размаўляць.

У судзе, як высветлілася, нам таксама пашчасціла: сядзелі ў прасторнай зале суда Завадскога раёна пад наглядам канваіраў, у той час, калі тых, каго прывезлі ў Ленінскі суд, размясцілі па 7-10 чалавек у карцэрах – памяшканнях 1,5 на 2 метры пры слабым святле і духаце.

Міліцыянеры, якія нас ахоўвалі, перыядычна выдавалі пэрлы, найбольш яскравыя з якіх мы суправаджалі апладысментамі. «Да нет у нас никакого законодательства!» – гэта быў хіт дня.

У пастановах суда спачатку назіралася нейкая логіка: пакаяўся – 5 сутак, не пакаяўся – 15. Потым логіка знікла. Выводзілі на суд па аднаму чалавеку пад канвоем. Я выйша з рукамі за спіной, міліцыянер, які суправаджаў мяне, здзівіўся: «Дзяўчына, вы ж дзяўчына, ідзіце нармальна». «Звычка», - кажу. «Які жах!»

На судзе традыцыйныя пытанні: «Што рабілі на плошчы?», «Колькі часу знаходзіліся?» і г. д. Незразумела, з чаго сыходзіла суддзя, калі вынесла прысуд 8 сутак, але канваір павіншаваў: «Маглі ўкаціць і больш». Такім чынам, да 1 красавіка…

У калідоры бачыла праваабаронцаў з «Вясны», з якімі размаўляць чамусьці забаранялася. Тым, каму прысуд яшчэ не быў вынесены, пагражалі дадаць яшчэ па 5 сутак за размовы.

Пасля суда ўсіх вывелі на вуліцу, дзе нас сустракалі людзі, бачыла Ціну, але паразмаўляць не ўдалося: адразу ж паехалі на Акрэсціна за рэчамі, потым – ізноў у Жодзіна.

28.06.2006 г.

Пасля абеду пачалі прыходзіць перадачы. У насценнай шафцы ўжо не хапае месца.

Насця Ларына дома, суд пакараў яе штрафам у 600 тысячаў. Оліны 5 сутак сканчваюцца сёння ўначы, Іне далі 7, Асе, Але і Надзе – па 10.

Верагодна, што тэмін пакарання ў значнай ступені залежаў ад дыслакацыі суда, сярод якіх самым гуманным аказаўся Завадскі – многія выйшлі адтуль з прысудам у 5 сутак.

Прынеслі перадачу ад Ціны. Дзіўная рэч: у спісе выкрэсленыя кнігі Кінга (потым я даведаюся, што менавіта ў ёй былі зашыфраваныя паведамленни), Ясэпкіна і Скаруліс, затое дазволілі «Браслаўскую стыгмату» Глобуса. Не бачу логікі. Таксама камічная сітуацыя з перадачай ад Ромачкі – Ася заўважыла, што да нас не дайшлі кнігі Даўлатава і Бродскага – цэнзары стараюцца адпавядаць часу.

Упрыгожылі камеру: над люстэркам наклеілі налепку «Усё будзе добра», на радыё павесілі партрэт Мілінкевіча. На праверцы партрэт заўважылі і загадалі зняць: «У нашай турме такога няма». Трэба было партрэт Казуліна вешаць.

Чытаем прэсу, якую Роме ўсё ж такі дазволілі перадаць. Але ж толькі тую, што выйшла да 25-га сакавіка: «Камсамолка», «Маскоўскі камсамолец» («СБ» выкрэслена – баяцца флэш-мобаў?). Анектоды ў газетах адпавядаюць апшнім падзеям: «У.І. Ленін павінен застацца ў Маўзалеі як напамін рэктарам аб недапушчальнасці выключэння студэнтаў з ВНУ па палітычных матывах».

Атрымалі цыдулку ад Надзіных сяброў, схаваную ў шакаладзе – перадачы ня вельмі дбайна аглядаюцца з-за іх вялікай колькасці. Пішуць, што на Дзень Волі сабралася вельмі шмат людзей. Узрадаваліся, таму што дагэтуль канваіры смяяліся над горсткай у 2-3 тысячы чалавек, якія выйшлі на мітынг 25-га.

29.03.2006 г.

Ізноў мноства перадачаў. Ад Алены з Дзянісам – цыдулка. Ізноў жа – у шакаладцы: «Прывітанне, Света! Вось табе ежа (зараз на рынку ўсё такое дарагое:)). Мы па табе сумуем! Тані далі 7 сутак (яна, хутчэй за ўсё, у Менску, Лёшу – 12, ён, як і ты, у Жодзіна.

Заўтра ў мяне Дзень народзінаў, але падарункаў я не чакаю, бо ўсе сябры галадранцы і сядзяць па турмах… Выходзь!»

За гэты час нарадзілася безліч варыянтаў, як лепш перадаваць паведамленні за краты: у мандарынах, у туалетнай паперы, варэнні, цыгарэтах… Галоўнае – своечасова выявіць схованку і не з’есці (не выпаліць) яе.

30.03.2006 г.

Сны сняцца звычайныя, спакойныя, але ў кожным знаходзяцца дэталі, якія адпавядаюць турэмным рэаліям. Снілася Смаргонь, я ў суседа ў гасцях, раглядваю кніжкі на стэлажах. Раптам заўважаю тры паліцы з аднолькавымі сінімі брашурамі, накшталт Дэкларацыі ААН па правах чалавека. Аказваецца, у кожнай з іх – па артыкулу з Крымінальнага кодэкса, падпісныя выданні.

Прадукты пачалі псавацца. Частку перадалі сабакам, чыё браханне чутна за вакном, асабліва па начах.

З самай раніцы абяцалі душ, але пакуль надыйшла наша чарга, адключылі гарачую ваду. Замест гэтага вывелі на шпацыр. Як заўсёды, грэем ваду на батарэі ў каробках з-пад сока.

Па радыё «Стіаліца» ізноў казалі аб прадажнай апазіцыі і Еўропе, якой «Беларусь упоперак горла стала». З гэтай нагоды ў камерах – бунт: грукат, тупат, крыкі «Жыве Беларусь!». Гэтыя ж словы выдрапаны завушніцай на нашых алюмініевых кубках.

Ужо забыты кактэйль першых дзён знаходжання тут, які мы ахрысцілі «Жодзінская вязніца» – вада з-пад крана з кропляй сока, перададзенага нам да суда. Цяпер надыйшоў час «Будняў апазіцыянера» – так мы называем бутэрброды з некалькімі гатункамі кілбасы, сырам, гароднінай.

31.03.2006 г.

Хадзілі на шпацыр, уціснулі ў шурпатую сцяну пару цыгарэтаў, якіх у нас залішне, - камусці спатрэбяца.

Толькі што на радыё «Сталіца» затэлефанаваў Антон з Бабруйску і вельмі асцярожна, канспіратыўна, так, каб зразумелі толькі свае, перадаў прывітанне сябрам з Жодзіна, для якіх у хуткім часе, без сумневаў, надыйдзе радасны дзень. У якасці музычнага падарунка – песня Ultravozhyk’а «Атлантыда», што гучала і на пляцы. Вядучы далучыўся да віншаванняў і такім жа чынам, карыстаючыся паролем «Жодзіна», выказаў падтрымку. Рэакцыя – імгненная з усіх камераў, энэргію гэтую канваірам даволі цяжка было ўтаймаваць.

У камеры нас засталося чацвёра. Інна выйшла сённяшняй ноччу. Наступнай вызваляюся я. Дзяўчаты сабралі мне «ссабойку» – вялікі пакунак на некалькі кілаграмаў. Смяемся: «лісічкін хлеб»…

Сёння атрымалі «Нашу Ніву», у якой палова матэрыялаў – аб плошчы, рэпартажы «з-за кратаў» Андрэя Дынько, Тані Снітко, прозвішчы затрыманых да 25-га і пасля, украінскія выбары… Чыталі ўслых, потым перачытвалі, доўга вышуквалі ў спісах знаёмыя імёны - знайшла шмат смаргонскіх. Такім чынам, ужо крыху падрыхтавалася да выйсця на волю – валодаю якойсьці інфармацыяй.

Ужо даўно патушылі святло, але мы не спім. Размаўляем, па-святочнаму накрыты наш вялікі жалезны стол. З’язжаць не хочацца (чалавек да ўсяго прызвычайваецца?)

З жодзінскай турмы сёння ўначы мы выйдзем ўтраіх – Даша Зялінская, Жэня Сільвановіч і я. Сядзем на аўтобусным прыпынку, запалім, як сапраўдныя зэкі, па-філасоўску ўзіраючыся ў далячынь. Хутка пачуюцца крокі, крокі тых, хто прыехаў за намі ў гэтую мокрую красавіцкую ноч. Сярод іх – прадпрымальнік Ігар. «Вы з якойсьці партыі?» – запытаюся. «Не, я сам па сабе». Перадачы, падпісаныя невядомымі прозвішчамі, гарачая гарбата і дранікі на пляцы, сустрэчы з турмаў – гэта ўсё яны, тыя, хто сам па сабе. Штосьці зварухнулася? Праязджаем праз нашу плошчу. Пуста. Але не, усё ж такі зварухнулася. «Вы не павінны былі сядзець. Гэта і абурыла народ, - кажа Ігар, паварочвае галаву і ўсміхаецца. – Дарэчы, праца патрэбна?»

Святлана Станкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0