Маладых спэцыялістаў змусілі даць «клятву вернасьці».
Каб яны не зьбягалі з Чашнікаў, райкам БРСМ і райвыканкам прыдумалі гэты рытуал для ўсіх дасланых у раён па разьмеркаваньні. Прыехаў — асядай!
Кіраўніца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Тацяна Пчолкіна распавяла, што ў лютым церазь яго ўжо прайшлі 98 выпускнікоў навучальных устаноў, якія прыбылі ў Чашніцкі раён на першую ў сваім жыцьці працу.
— Усё было вельмі ўрачыста, — распавядае спн. Пчолкіна. — Хлопцы і дзяўчаты паабяцалі быць добрымі спэцыялістамі ў сваёй справе, адказна і прафэсійна працаваць, і некалькі разоў разам зь вядучым паўтарылі слова «Клянёмся!»
У імпрэзе ўзялі ўдзел таксама старшыня райвыканкаму і вэтэраны працы: яны натхнялі моладзь сваім прамовамі.
Некаторыя зь нядаўніх выпускнікоў, цяперашніх маладых спэцыялістаў, сталі героямі дакумэнтальнага фільму, зьнятага адмыслова да гэтай вечарыны.
— Было трохі сьмешна глядзець, калі нехта з экрану няшчыра распавядае, як яму нібыта пашанцавала трапіць на працу ў Чашніцкі раён і якое добрае яму папалася кіраўніцтва, — гаворыць маладая настаўніца, запрошаная на імпрэзу. — А вось калі пачуліся словы «Клянёмся!», то зрабілася зусім ня сьмешна. Як мне здаецца, адказнага стаўленьня да свае прафэсіі трэба вымагаць ня клятвамі на вернасьць. У кожнага работніка мусяць быць добрыя ўмовы працы, прыстойны заробак і пэрспэктывы прафэсійнага росту. Тады ніякія клятвы не спатрэбяцца, і прыдумляць іх на ўзор «Клятвы юнага піянэра» нікому не давядзецца.
Гэтае меркаваньне, зразумела, не было агучана падчас імпрэзы ў раённым Палацы культуры. Наступным годам мясцовыя ідэолягі і БРСМаўцы абяцаюць паўтарыць рытуал — мажліва, зь некаторымі зьменамі ў праграме.
У раёне чакаюць прыезду маладых урачоў, настаўнікаў, вэтэрынараў. Для іх ёсьць шмат вакансіяў, бо выпускнікі навучальных устаноў, адпрацаваўшы належныя два гады, вельмі часта зьяжджаюць з Чашніцкага раёну ў іншыя месцы, не знайшоўшы тут для сябе нічога прывабнага… Пакараньня для парушальнікаў «Клятвы вернасьці» у Чашніцкім БРСМе пакуль не прыдумалі.