Вінцэнт Дунін‑Марцінкевіч |
На афіцыйным сайце Дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі адкрыўся праект «Клясык беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін‑Марцінкевіч». Ён прымеркаваны да 200‑годзьдзя з дня нараджэньня паэта, драматурга й тэатральнага дзеяча, расказала карэспандэнцы БЕЛТА старшая навуковая супрацоўніца Беларускага навукова‑дасьледчага цэнтру электроннай дакумэнтацыі Дыяна Глазкоўская.
Мэта праекту — адзначыць вялікі ўнёсак Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча ў разьвіцьцё беларускай літаратуры, станаўленьне прафэсійнага нацыянальнага тэатру, яшчэ раз нагадаць пра творчы й жыцьцёвы шлях пісьменьніка. Стварэньне падобнай выставы матэрыялаў будзе таксама спрыяць пашырэньню ведаў па беларускай літаратуры й гісторыі ХІХ стагодзьдзя.
Рубрыка падзелена на чатыры асноўныя разьдзелы, дзе разьмешчана каля 140 розных дакумэнтаў. Тут чытач можа атрымаць даведачную інфармацыю пра асобу, творчасьць Дуніна‑Марцінкевіча, пазнаёміцца з рэдкімі архіўнымі дакумэнтамі, зьвесткамі пра ягоныя творы, фатаграфіямі. У віртуальную экспазыцыю ўвайшлі таксама ўспаміны сучасьнікаў драматурга.
Праект уключае і матэрыялы пра першыя выданьні твораў Дуніна‑Марцінкевіча. Прычым кожнае зь іх прэзэнтавана выявай вокладкі, анатацыяй і цытатамі. Усяго прадстаўлена 15 выданьняў, у ліку якіх 8 зборнікаў вершаваных твораў, тры п’есы, кніга зь перакладам.
На жаль, шмат дакумэнтаў пра Дуніна‑Марцінкевіча, а таксама аўтографы твораў пісьменьніка не дайшлі да нашых дзён, частка зь іх страцілася ў часы Вялікай Айчыннай вайны.
Разам з цэнтрам электроннай дакумэнтацыі віртуальную выставу падрыхтавалі Нацыянальны гістарычны архіў, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотадакумэнтаў, Беларускі дзяржаўны архіў‑музэй літаратуры й мастацтва ды іншыя пры ўдзеле дэпартамэнту па архівах і справаводзтве Міністэрства юстыцыі Беларусі.
Новая выстава будзе працаваць паводле прынцыпу ўжо створанага віртуальнага праекту «Клясыкі сусьветнай літаратуры Янка Купала й Якуб Колас. Да 125‑годзьдзя з дня нараджэньня».