Амерыканскі часопіс «Парад» апублікаваў спіс 20 «горшых дыктатараў у свеце», якія знаходзяцца ва ўладзе. Спіс складаецца з 2003 года пры падтрымцы праваабарончых арганізацый «Фрыдам Хаус», «Міжнародная амністыя», «Х’юман райтс уотч» і «Рэпарцёры без межаў».

Беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка займае ў гэтым рэйтынгу 16‑е месца.

«Лукашэнка з’яўляецца апошнім дыктатарам Еўропы і лічыцца парыяй на міжнароднай арэне», — зазначае выданне.

Першае месца ў спісе займае кіраўнік Карэйскай Народна‑Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ір, другое — прэзідэнт Судана Амар аль‑Башыр, трэцяе — старшыня Дзяржаўнага савета міру і развіцця М’янмы Тан Шве.

У першую дзесятку рэйтынгу горшых дыктатараў таксама ўвайшлі кароль Саудаўскай Аравіі Абдула, кіраўнік Кітая Ху Дзіньтао, прэзідэнт Зімбабвэ Роберт Мугабе, кіраўнік Ірана аятала Алі Хамейні, прэзідэнт Узбекістана Іслам Карымаў і прэзідэнт Эрытрэі Ісаяс Афеверкі.

Апрача таго, у спіс увайшлі лівійскі лідэр Муамар Кадафі, прэзідэнт Сірыі Башар Асад, прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянг Нгуема, кароль Свазіленда Мсваці III, прэм’ер‑міністр Эфіопіі Мелес Зенаві, прэзідэнт Егіпта Хосні Мубарак, выканаўца абавязкаў старшыні Дзяржаўнага савета Кубы Рауль Кастра, прэзідэнт Лаоса Чумалі Саясон і прэзідэнт Чада Ідрыс Дэбі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0