Улады Смаленску прапанавалі аргкамітэту беларускага рок‑фэстывалю «Рок‑Кола» зладзіць мерапрыемства ў іх горадзе ў самай вялікай канцэртнай залі. Расійцы з гэтай нагоды нават прапанавалі на час фестывалю абвесціць Смаленск сталіцай Беларусі.

На пачатку сакавіка кіраўнік «Рок‑Кола» Сяргей Анішчанка мае сустрэцца з дырэктарам самай буйной канцэртнай залі Смаленску Артурам Савіцкім і мэрам гораду Уладзіславам Халецкім.

1 сакавіка дырэктар полацкага рок‑фестывалю «Рок‑Кола» Сяргей Анішчанка вязе гурт «Фляўс і Кляйн» на смаленскі фестываль «Рок‑праекцыя». Беларускі гурт быў запрошаны на фестываль з 14‑гадовай гісторыяй у якасці госця. Разам з тым сам спадар Сяргей мае абмеркаваць будучыню свайго фестывалю, на правядзенне якога полацкія ўлады наклалі забарону.

Нагадаем, што ў адмысловай пастанове, падпісанай мэрам Полацку Уладзімірам Тачылам, вялося пра «нямэтазгоднасць правядзення ў горадзе фестывалю тыпа «Рок‑Кола», бо ён не адпавядае гістарычнай, духоўнай спадчыне горада Полацка і праваслаўю». Улады Смаленску, відаць, са сваімі беларускімі калегамі ў гэтым пытанні разыходзяцца. Кажа Сяргей Анішчанка:

‑ З смаленскага боку паступіла такая прапанова, каб у наступным годзе 1 лютага правесці «Рок‑Кола» ў іх і абвесціць на гэты дзень Смаленск сталіцай Беларусі. Гэта вельмі добра, тым больш, што гэты горад ад нас зусім недалёка. Калі ад Полацку да Віцебску — 100 кіламетраў, то да Смаленску — 120, а з Мінску дык штодня цягнікі туды ходзяць.

Калі ўсе бакі дамовяцца канчаткова, то «Рок‑Кола» ў наступным годзе пройдзе ў самай вялікай канцэртнай залі Смаленску. Якраз у панядзелак кіраўніцтва полацкага рок‑фэсту атрымала яшчэ адну прыемную навіну адносна лёсу сёлетняга фэсту. У гэтым годзе «Рок‑Кола» ўсё ж застанецца ў межах Беларусі і пройдзе ўлетку ў Лагойск.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0