У казусную сітуацыю трапіў жыхар Гомеля. Дзмітрыя Растэнка просяць вярнуць грошы за аплачаны дзяржавай бальнічны. І гэта нягледзячы на тое, што пасля цяжкай аварыі ён чатыры месяцы правёў пад наглядам лекараў. У абласным упраўленні Фонда сацабароны гэты выпадак назвалі унікальным і паабяцалі дэталёва разабрацца.

Тую страшную аварыю Дзмітрый успамінае да гэтага часу. Мінулым летам ён ехаў дадому на скутэры і ўрэзаўся ў мікрааўтобус. Акрамя яго, у ДТЗ ніхто не пацярпеў, сам жа вінаваты ў аварыі чатыры месяцы узмоцнена лячыўся. Пасля выпіскі яму сталі прыходзіць дзіўныя лісты: Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва просіць яго вярнуць грошы за ўжо выплачаны бальнічны. А гэта больш за 20 мільёнаў рублёў.

Дзмітрый Растэнка, жыхар г. Гомеля: «Гэта ж бальнічны. У любога чалавека захварэў прастудай — бальнічны, хтосьці там нагу зламаў — бальнічны, а я трапіў у аварыю — яшчэ і грошай павінен. Ну як гэта называецца? Нават смешна казаць. Я пытаўся і ў лекараў, пытаўся і ў юрыстаў, у сяброў пытаўся, і ўсе на мяне глядзяць, як на ідыёта. Ніхто такога не чуў».

Аднак Фонд сацабароны стаяў на сваім, і Дзмітрыю прыйшло другое апавяшчэнне. У выпадку адмовы вяртаць грошы нават пагражалі пазовам у эканамічны суд. У бальніцы тым часам пацвердзілі: гэты чалавек сапраўды хварэў, і нават пасля выпіскі яму нельга было адразу выходзіць на працу.

Алег Гаўрушка, загадчык нейрахірургічнага аддзялення Гомельскай абласной клінічнай бальніцы: «Траўма ў яго была чэрапна-мазгавая сярэдняй ступені цяжкасці, мелася кровазліццё ў рэчыва галаўнога мозгу, і рана была на галаве».

У раённым аддзеле Фонду сацыяльнай абароны разводзяць рукамі: выпадак сапраўды казусны. З аднаго боку, Дзмітрый насамрэч пацярпеў і знаходзіўся на бальнічным. А з другога — ён вінаваты ў аварыі, і, калі прытрымлівацца правілаў Фонда, тыя, хто прычыніў шкоду, павінны кампенсаваць выдаткі. Толькі вось Дзмітрый прычыніў яе не каму-небудзь, а самому сабе. Але пра такія выпадкі, заявілі ў Фондзе, ні ў правілах, ні ва ўказах арганізацыі няма нават згадкі.

Ліквідаваць прабел чыноўнікі паабяцалі ў найбліжэйшы час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?