Чыноўнікі ўзнагародзілі «ВідэаМаксаўцаў» паперкаю, дзе ад рукі былі выпісаныя 9 словаў: «Тра*нул» — 2 разы, «нас*ал» — 3 разы і г.д., якія мусяць быць прыбраныя, каб дыскі маглі трапіць у афіцыйны продаж.

У лютым у беларускім пракаце прайшла расейская стужка «Самы лепшы фільм», зьнятая на замову прадусарскага цэнтру Comedy Club. Фільм, мякка кажучы, гаўно з лайна, але сэнс ня ў гэтым. Правы на афіцыйны распаўсюд «кінашэдэўру» на DVD набыла буйная менская кантора «ВідэаМакс». Але, прыйшоўшы рэгістраваць стужку ў Рэспубліканскую ўстанову «Дзяржаўны рэгістар кінавідэафільмаў і кінавідэапраграмаў», прадстаўнікі «ВідэаМаксу» атрымалі нечаканы адказ: у тым выглядзе, у якім фільм быў прадстаўлены на разгляд у цэнзурную камісію, прадаваць у беларускіх дыскарнях яго нельга! Чыноўнікі не прапусьцілі пэўную ненарматыўную лексыку й загадалі, калі «ВідэаМакс» ўсё‑ткі хоча распаўсюджваць відэапраграму на тэрыторыі Беларусі, замяніць брыдкаслоўе традыцыйным у такіх выпадках «піканьнем».

На тлумачэньні прадстаўнікоў дыстрыбутарскае канторы, што, маўляў, самыя «моцныя» выразы ў фільме й так заглушаныя, а рэшту без пытаньняў прапусьцілі і ў Расеі, і ва Ўкраіне, і нават у Прыбалтыцы, чыноўнікі ўзнагародзілі «ВідэаМаксаўцаў» невялічкаю паперкаю (удвая меншаю за аркуш з нататніку), дзе ад рукі былі выпісаныя 9 словаў (некаторыя паўтараюцца шматкроць, таму асадкаю так і было напісана: ««Тра*нул» — 2 разы, «нас*ал» — 3 разы» і г.д.), якія мусяць быць прыбраныя, каб дыскі маглі трапіць у афіцыйны продаж. Далей у дзяржрэгістры сумленна прызналіся, што яны паняцьця зялёнага ня маюць, што такое хатнекінатэатравы гук у фармаце 5.1, і тым больш яны ня ведаюць, якім чынам можна заглушыць некаторыя словы на ўжо гатовым і цалкам змайстраваным DVD з мэню й некалькімі гукавымі дарожкамі. У выніку, чыноўнікі пакінулі небаракаў зь «ВідэаМаксу» вырашаць гэтае пытаньне саматужкі.

Гэта першы ў гісторыі прэцэдэнт, калі беларускія рэалізатары ліцэнзійнае DVD‑прадукцыі мусілі ўносіць нейкія зьмены ў канчатковы прадукт (які яны заўсёды атрымлівалі з Расеі ў гатовым выглядзе, а потым папросту прадавалі празь беларускую сетку распаўсюду), і ўрэшце скончылася тым, што прадстаўнікі «ВідэаМаксу» ўсё ж атрымалі дазвол ад вытворцаў «Самага лепшага фільму» на тое, каб «відазьмяніць» пэўныя месцы ў аўдыёдарожках, наклаўшы паверх арыгінальных словаў «піканьне». Бо іначай фільм папросту ня быў бы афіцыйна прадстаўлены ў Беларусі. Аднак па‑ранейшаму стаяла тэхнічнае пытаньне — як у Менску на гатовым DVD‑дыску заглушыць мацюкі, і пры гэтым захаваць Dolby гук у фармаце 5.1.

У выніку прадстаўнікоў «ВідэаМаксу» накіравалі ў Беларускі Відэацэнтар, які займаецца мантажом і зьвядзеньнем мастацкіх фільмаў у Беларусі. З тою самаю просьбаю — разабраць DVD, раскласьці гук па каналах, накласьці «піканьне» ў пэўных месцах, а потым сабраць усё назад, каб, як у тым савецкім фільме, «як так і было». Адтуль, зь БелВідэаЦэнтру, цудоўны й вельмі вопытны гукарэжысэр спадар Сяргей Шункевіч, па‑сяброўску зьвярнуўся па дапамогу да творчага згуртаваньня «Дзіўноты й памароцтвы».

У выніку словы «ср*ка» і «с*ка» вельмі апэратыўна замяніліся на «пі‑і‑і», і вось цяпер — о, дзіва! — праграму можна распаўсюджваць на Беларусі. Вось тут мусім пакаяцца й сказаць некалькі словаў у сваё апраўданьне. МЫ ЗРАБІЛІ ГЭТА НЕ З СВАЙГО ВЯЛІКАГА ЖАДАНЬНЯ!!! І НАВАТ НЕ ЗА ВЯЛІКІЯ ГРОШЫ!!! Мы прынялі ўдзел у «ачалавечваньні» звыштупейшае расейскае стужкі адно з павагі да цудоўнага знаўцы свае справы — спадара Сяргея Шункевіча, чые парады й карысныя заўвагі асабіста нам вельмі прыдаліся падчас агучваньня на беларускую мову мультфільму «Тарзан‑2». Бо сытуацыя з «СМЛ» — гэта, напэўна, адзіны выпадак, калі мы цалкам салідарныя з нашым чынавенствам — такія фільмы мусяць расцэньвацца, прынамсі, як антымастацкія. Што праўда, як заўсёды, іронія лёсу ў тым, што сёньня бязглузды й абсалютна бессэнсоўны «Самы лепшы фільм» рызыкуе стаць абсалютным лідэрам продажаў ліцэнзійных фільмаў у 2008 годзе… Прыкра, але сапраўды шмат хто зь цяперашняга маладога пакаленьня ня ведае, колькі існуе сапраўдных добрых фільмаў…

Дарэчы, падчас «чараваньня» над Comedy Club‑аўскім шэдэўрам, мы мелі яшчэ адну магчымасьць паразмаўляць з прадстаўнікамі «ВідэаМаксу» наконт таго, каб дадаваць беларускія гукавыя дарожкі да ліцэнзійных фільмаў, правы на афіцыйны распаўсюд якіх гэтая кантора набывае ў праваўладальнікаў больш высокага парадку. Прычым мы, са свайго боку, нават гатовыя рабіць гэтыя гукавыя дарожкі ўласнымі сіламі і аддаваць іх ліцэнзійным беларускім дыстрыбутарам адно дзеля таго, каб фільмы, прадубляваныя па‑беларуску, прадаваліся ў афіцыйных крамах і былі прадстаўленыя на нармалёвых якасных дысках. На гэта намесьніца дырэктара СТАА «ВідэаМакс» па разьвіцьці й плянаваньні спадарыня Марына Ясюкевіч адказала, што «тэарэтычна, няма нічога немагчымага, але дзейныя кантракты з Walt Disney, Buena Vista і Sony Pictures не дазваляюць рабіць ніякіх зьменаў у DVD, якія «ВідэаМакс» атрымлівае для распаўсюду. А для таго, каб пераглядаць дамоўленасьці з гэтымі заходнімі канторамі, патрэбны альбо дзяржаўны закон, як ва Ўкраіне, альбо вялікая фінансавая зацікаўленасьць — іншымі словамі, сапраўдны попыт на гэтую прадукцыю». Пакуль жа абмяняліся каардынатамі й дамовіліся, што стасункі паміж «Дзіўнотамі й памароцтвамі» і «ВідэаМаксам» на гэтую тэму будуць працягвацца далей. Бо, як паказвае практыка з «Самым лепшым фільмам», паўсюль бываюць выключэньні…

Алесь Квіткевіч, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0