Праект парталу Tuzin.fm і Падляшскай опэры і філармоніі будзе прадстаўлены на фестывалі «Німі ночі» стужкай «У агні народжаная» пад жывую музыку гурта Re1ikt.

«Німі ночі» — унікальны фестываль, прысвечаны нямому кіно, які ладзіцца пры ўдзеле Нацыянальнага цэнтра Аляксандра Даўжэнкі. Кінапаказы ў першую чаргу ўкраінскіх стужак ідуць у суправаджэнні сучаснай жывой музыкі на прычале Марскога вакзала ў Адэсе. Сёлета фэст пройдзе шосты раз. Яго правядзенне было пад пагрозаю ў сувязі з неспрыяльнымі фінансавымі абставінамі, але ўсё вырашылася станоўча, хоць і давялося перанесці кінаканцэрты з чэрвеня на канец лета.

Фэст пройдзе ў два дні — 22 і 23 жніўня.

Сёлета галоўнай тэмаю стане праблема дэкамунізацыі і цэнзуры. Акром украінскіх нямых фільмаў савецкага часу, у праграме заяўлены дакамуністычны фільм з Кітаю, карціна з Чэхіі. Упершыню на фэсце будзе паказаны беларускі фільм – гісторыка-рэвалюцыйная эпапея «У агні народжаная» (1929), у жывым суправаджэнні гурту Re1ikt.

Гурты з Беларусі бралі ўдзел у адэскім фэсце і раней, але агучвалі не свае стужкі – у 2013 годзе PortMone стварылі саўндтрэк да украінскага фільма «Хліб» (1930), а летась Ягор Забелаў суправаджаў французскую стужку «Ménilmontant» (1926).

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?