Канчатковая цана для спажыўцоў расейскага газу ва Украіне не павінна быць вышэйшай, чым у іншых краінах.
Пра гэта заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, піша расійскі «Інтэрфакс».
«Мы не можам даваць у такім жа аб'ёме зніжку (Украіне), як гэта было раней, але ў любым выпадку канчатковая цана для ўкраінскіх спажыўцоў не павінна быць вышэйшай, павінна быць на ўзроўні суседніх краін, такіх, як Польшча», — сказаў ён на нарадзе з членамі ўрада ў сераду.
Па словах Пуціна, урад павінен палічыць «аб'ём зніжкі (для Украіны) і прыняць адпаведнае рашэнне».
«Мы з Дзмітрыем Анатольевічам гэта абмяркоўвалі, прашу, калі такая просьба паступіць, правесці перамовы», — сказаў Пуцін.
Як вядома, нядаўна прэм'ер-міністр Украіны Арсень Яцанюк заявіў, што Расія прапанавала Украіне 100-даляравую зніжку на газ, але Кіеў не прымае гэтую прапанову і патрабуе змяніць газавы кантракт.