Перамовы ў Брусэлі паміж Грэцыяй і яе крэдыторамі, якія зацягнуліся за поўнач, перапыненыя без дасягнення пагаднення. Паміж бакамі па-ранейшаму застаюцца рознагалоссі. Як чакаецца, перамовы адновяцца ў чацвер.
Прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас вёў перамовы з міжнароднымі крэдыторамі, нягледзячы на адрозненні ў разуменні шляхоў пераадолення даўгавога крызісу. Сур'ёзныя рознагалоссі застаюцца ў пытаннях пенсійнай рэформы, працоўнага заканадаўства, падаткаабкладання, заробкаў у грэчаскім дзяржсектары і інвестыцый.
Міністры фінансаў краін еўразоны абвінавачваюць грэчаскія ўлады ў нежаданні пайсці на кампраміс, нягледзячы на набліжэнне тэрміну выплаты па крэдытах. Грэцыя абавязаная да канца чэрвеня выплаціць 1,6 млрд еўра, узятых у крэдыт у МВФ, ці абвясціць дэфолт.
Цыпрас раскрытыкаваў крэдытораў за адмову прыняць яго прапановы па правядзенні рэформаў, якія, як яны лічаць, нельга рэалізаваць.
Прэм'ер-міністр Грэцыі правёў серыю перамоваў з Еўракамісіяй, Еўрапейскім Цэнтрабанкам і Міжнародным валютным фондам. Усе бакі спадзяюцца заключыць пагадненне, якое дазволіць выдаць Грэцыі канчатковы транш экстранай дапамогі ў 7,2 млрд еўра.
Але пасля некалькіх гадзін перамоваў у сераду прарыву не было. Паведамлялася, што паміж бакамі захоўваюцца істотныя рознагалоссі. У прыватнасці, прадстаўнік МВФ патрабуе скараціць сацыяльныя выдаткі, у той час як Грэцыя аддае перавагу павысіць падаткі для заможных грамадзян.
Перамовы працягнуліся ўвечары з надзеяй, што бакам удасца знайсці кампраміс перад сустрэчай Еўрагрупы ў чацвер з удзелам міністраў фінансаў еўразоны.
