На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Аляксандра Мяжуева. Інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА паведаміла, што Мяжуеў вызвалены з пасады «ў сувязі са складанымі сямейнымі абставінамі».

Дарэчы, цікава, што ўказа аб звальненні Мяжуева дагэтуль няма на сайце pravo.by, хаця, напрыклад, пазнейшыя кадравыя перастаноўкі адразу там былі зафіксаваныя. Не паведаміў пра адстаўку кіраўніка Рады бяспекі і афіцыйны сайт кіраўніка дзяржавы.

«Наша Ніва» зрабіла падборку найбольш імаверных зменшчыкаў Мяжуева на ключавой пасадзе дзяржсакратара Рады бяспекі.

Андрэй Уцюрын (44 гады)

Фота kii.gov.by.

Фота kii.gov.by.

Цяжка паверыць, што гэты чалавек знаходзіцца побач з Аляксандрам Лукашэнкам ажно 20 гадоў. Андрэй Уцюрын пачынаў сваю працу ў службе бяспекі прэзідэнта ў далёкім 1995 годзе. Ад гэтага часу кар’ера Уцюрына рухалася толькі ўверх. Ён цэлых сем гадоў узначальваў ахову Лукашэнкі, болей за яго на гэтай пасадзе не ўтрымаўся ніхто – ні Навумаў, ні Ерын, ні Жадобін, ні Нявыглас. Летась Уцюрын стаў намеснікам дзяржсакаратара Рады бяспекі, наступная прыступка бачыцца абсалютна лагічнай.

Ігар Рачкоўскі (47 гадоў)

Фота interfax.by.

Фота interfax.by.

Таксама бліскучая кар’ера памежніка Ігара Рачкоўскага пайшла пад адхон пасля ліпеня 2012 года, калі шведскі самалёцік на дзень рэспублікі беспакарана перасёк дзяржаўную мяжу Беларусі і раскідаў над Мінскам і Івянцом плюшавых мядзведзікаў з заклікамі вызваліць палітвязняў і выконваць правы чалавека. Можа, прыйшоў час скончыць высылку Рачкоўскага ў спартыўную галіну і вярнуць на больш звыклую пасаду ў сілавым ведамстве. Рачкоўскі родам з Смаргоні, адзін з нямногіх сілавікоў, які не атрымліваў адукацыю ў Расіі. У яго вялікая сям’я, пяцёра дзяцей.

Віктар Лукашэнка (39 гадоў)

Аляксандр Лукашэнка стаў прэзідэнтам Беларусі якраз у 39 гадоў. Зусім ужо не юнацкі ўзрост. Ды і на пасадзе памочніка па бяспецы старэйшы сын кіраўніка дзяржавы выгляда заседзеўся, час адкрываць перад сабой новыя далягляды. Зрэшты, магчыма, такая кадравая перастаноўка не надта пазітыўна будзе ўспрымаць сярод грамадзян, а перад прэзідэнцкімі выбарамі лішні раздражняльнік нікому не трэба.

Валерый Вакульчык (50 гадоў)

Самы ўплывовы на сённяшні дзень сілавік краіны. Лукашэнка быў надзвычай незадаволены працай у КДБ Юрыя Жадобіна, даставалася Сцяпану Сухарэнку і Вадзіму Зайцаву, а вось Вакульчыку – ніколі. Паўнамоцтвы ў Радзе бяспекі ў Вакульчыка могуць быць яшчэ шырэйшымі, чым у КДБ. Бо фактычна дзяржсакратар Рады бяспекі атрымлівае паўнамоцтвы кантраляваць усе сілавыя структуры краіны.

Ігар Шуневіч (48 гадоў)

Фота kp.by.

Фота kp.by.

Кадэбіст, які ўзначаліў Міністэрства ўнутраных справаў, праз гэта ў міліцыі лічаць Шуневіча не да канца сваім. Варта адзначыць, што апошнім часам Лукашэнка адмовіўся ад практыкі прызначэння на ключавыя пасады сілавікоў не ўраджэнцаў Беларусі, Шуневіч адзін з апошніх такіх. На апошні парад 9 Мая міністр унутраных справаў прыйшоў у форме камісара рабоча-сялянскай міліцыі НКВД.

Уладзімір Макей (56 гадоў)

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Думаеце, неймаверны варыянт: з міністра замежных справаў у дзяржсакратары Рады бяспекі? Ды не, бывала ўжо такое. У 2000-м Раду бяспекі якраз узначаліў былы кіраўнік МЗС Урал Латыпаў. Макей мае мінулае, якое цесна звязанае з сілавымі структурамі, а менавіта — разведкай. Макей знаходзіцца ў спісе тых чыноўнікаў з якімі найчасцей камунікуе Лукашэнка. Хай такі варыянт выглядае як малаімаверны, але скідваць яго з рахункаў не варта.

Васіль Аляксеенка (58 гадоў)

Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка нярэдка чэрпае кадры з палаты прадстаўнікаў. Там сама ён, напрыклад, знайшоў Аляксандра Мяжуева. Калі прыгледзецца да сённяшняга складу парламента, то патэнцыйна Раду бяспекі мог бы ўзначаліць Васіль Аляксеенка. Уся ягоная прафесійная кар’ера была звязаная з унутранымі войскамі. Цяпер Аляксеенка час ад часу палохае выбарцаў узмацненнем блока НАТА, а таксама засцерагае ад перапісвання гісторыі.

Адзначым яшчэ сярод імаверных кандыдатур першага намесніка міністра абароны, начальніка генеральнага штаба Алега Белаконева, камандзіра ўнутраных войскаў Юрыя Караева, а таксама кіраўніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра Сяргея Шпегуна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?