Актывістка кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, якая мае намер балатавацца на пасаду прэзідэнта ад кааліцыі «Народны рэферэндум», падала ў Мінскі гарвыканкам заяўку на правядзенне 15 ліпеня ў сталіцы трох пікетаў — каля ГУМа, Камароўскага рынку і ГЦ «Карона».

Заяўка была пададзеная 30 чэрвеня, неўзабаве пасля таго, як Палата прадстаўнікоў прыняла рашэнне прызначыць выбары прэзідэнта Беларусі на 11 кастрычніка.

«Сёння прызначаныя прэзідэнцкія выбары, і я пацвярджаю свой удзел. Мы падаем заяўкі на правядзенне пікетаў для арганізацыі і фарміравання ініцыятыўных груп. Гэтым мы падкрэсліваем свой актыўны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі», — сказала Караткевіч журналістам.

Паколькі ніхто з чыноўнікаў Мінгарвыканкама да Караткевіч не выйшаў, сваю заяву на правядзенне пікетаў яна пакінула ў адмысловай скрыні для зваротаў, які знаходзіцца ў вестыбюлі.

Па словах Андрэя Дзмітрыева, старшыні кампаніі «Гавары праўду!» і кіраўніка перадвыбарчага штаба Караткевіч, заяўкі на правядзенне аналагічных пікетаў плануецца падаць у 40 гарадах Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?