Актывіст гатовы змагацца за найвышэйшую дзяржаўную пасаду.

30 чэрвеня палата прадстаўнікоў прыняла дату правядзення прэзідэнцкіх выбараў — 11 кастрычніка. Свой намер удзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі ўжо пацвердзіў шэраг палітыкаў. Да іх далучыўся і Аляксандр Мех з Кобрына.

«Сваю кампанію мы пачалі нашмат раней і адказалі на ўсе пытанні. Калі народ пытаецца: «А хто іншы акрамя Лукашэнкі?» — «Аляксандр Мех». «Хто ён такі?» — мы далі біяграфію. «Чаго ад яго можна чакаць і што ён прапануе?» — мы адзіныя на сённяшні момант, у каго ёсць прэзідэнцкая праграма. І тут узнікае іншае пытанне: як зрабіць, каб гэтая праграма магла пайсці ў жыццё. Трэба, каб былі сумленныя і справядлівыя выбары. На сённяшні момант адбываюцца фэйкавыя выбары. І ўдзельнічаць у гэтым фэйку не трэба», — кажа Мех.

Якім чынам патэнцыйны кандыдат збіраецца змяняць сітуацыю?

«Мы прапануем змену выбарчага заканадаўства і вольную палітычную прастору — найперш выпусціць усіх палітвязняў». Калі гэта не будзе выканана, Мех збіраецца «проста звяртацца да людзей не ўдзельнічаць у гэтых выбарах. А каго загоняць, то ў іх застаецца адно — выкрэсліваць усіх у гэтых спісах. Хто пры гэтай сітуацыі будзе ў выбарчых спісах, з’яўляецца гульцом з адміністрацыі прэзідэнта».

Мех, у выпадку рэгістрацыі кандыдатам, мяркуе здымацца, калі не будзе сумленных выбараў. «Навошта тады ўдзельнічаць у фэйкавых выбарах?»

Аляксандр Мех нарадзіўся ў 1970 годзе. У яго дзве вышэйшыя адукацыі: скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт грамадзянскай авіяцыі і Наваполацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Мае двух сыноў. Працаваў інжынерам на «Белтрансгазе», адкуль звольнены за ўдзел у парламенцкіх выбарах ад апазіцыі. Цяпер займае пасаду намесніка старшыні ў новаствораным руху «За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі», які ўзначальвае Уладзімір Някляеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?