Актывіст з Кобрына Алесь Мех вырашыў адмовіцца ад сваіх прэзідэнцкіх амбіцый і падтрымаць ініцыятыву Някляева аб вылучэнні адзіным кандыдатам ад дэмсіл Статкевіча, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, што яшчэ раніцай Алесь Мех у інтэрв'ю «Нашай Ніве» казаў пра ўдзел у выбарчай кампаніі.

«Сваю кампанію мы пачалі нашмат раней і адказалі на ўсе пытанні. Калі народ пытаецца: «А хто іншы акрамя Лукашэнкі?» — «Аляксандр Мех». «Хто ён такі?» — мы далі біяграфію. «Чаго ад яго можна чакаць і што ён прапануе?» — мы адзіныя на сённяшні момант, у каго ёсць прэзідэнцкая праграма. І тут узнікае іншае пытанне: як зрабіць, каб гэтая праграма магла пайсці ў жыццё. Трэба, каб былі сумленныя і справядлівыя выбары. На сённяшні момант адбываюцца фэйкавыя выбары. І ўдзельнічаць у гэтым фэйку не трэба», — сказаў Мех.

«Мы прапануем змену выбарчага заканадаўства і вольную палітычную прастору — найперш выпусціць усіх палітвязняў». Калі гэта не будзе выканана, Мех збіраецца «проста звяртацца да людзей не ўдзельнічаць у гэтых выбарах. А каго загоняць, то ў іх застаецца адно — выкрэсліваць усіх у гэтых спісах. Хто пры гэтай сітуацыі будзе ў выбарчых спісах, з’яўляецца гульцом з адміністрацыі прэзідэнта», — заявіў ён у каментары для «Нашай Нівы».

***

Палата прадстаўнікоў учора прызначыла прэзідэнцкія выбары на 11 кастрычніка.

Пра свае выбарчыя амбіцыі заявілі Таццяна Караткевіч, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Юрый Шульман, Сяргей Гайдукевіч.

Заявілі, што не будуць удзельнічаць у выбарах Алена Анісім і Вольга Карач.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?