Паліцэйскі шокер у форме пісталета. Фота з сайта policestateusa.com

Паліцэйскі шокер у форме пісталета. Фота з сайта policestateusa.com

Мэр мястэчка Ван Метэр (штат Аёва, ЗША) Джэйк Андэрсан і старшыня гарадской рады Боб Лэйсі пагадзіліся стаць ахвярамі стрэлу з электрашокера дзеля пакупкі новага аўто для паліцыі, піша The Des Moines Register. Стрэліць дадуць 18 ліпеня падчас танцавальнай вечарыны пажарнага дэпартаменту мястэчка.

Таго, хто зможа стрэліць у чыноўнікаў, абяруць з дапамогай латарэі. Адзін латарэйны квіток каштуе 5 даляраў, набываць можна неабмежаваную колькасць квіткоў. Хто менавіта стане ахвярай, мэр ці старшыня рады, — абяруць на народным галасаванні.

Стрэл з паліцэйскага шокера звычайна не нясе шкоды здароўю і можа забіць хіба хворага на сэрца пры трапленні наўпрост у сэрца. «Многія афіцэры вам скажуць, што хутчэй пагадзіліся бы на электрашок, чым на пярцовы балончык. Эфект нядоўгі, не пячэ», — патлумачыў Біл Дагарт, мясцовы афіцэр паліцыі, які сам ніколі не быў мішэнню паліцэйскага шокера.

Грошы, сабраныя на латарэі, плануецца пусціць на патрэбы паліцыі, якой трэба набыць другую машыну, дарожны радар, а таксама расшырыць штат часовых супрацоўнікаў і рэзервістаў, які на сёння налічвае шэсць чалавек. Таксама гарадская паліцыя збіраецца набыць больш нелетальных электрашокераў.

Сцвярджаецца, што ідэя прыйшла падчас абмеркавання бюджэту паліцыі, а мэр і старшыня рады пагадзіліся на электрашок дабраахвотна. У абодвух раней не стралялі з паліцэйскага шокера.

Патрэба ў дадатковых грошах не выкліканая ростам злачыннасці мястэчка з насельніцтвам у 1100 чалавек. Ван Метэр збіраецца прывабіць кампаніі кшталту Microsoft ці Facebook да размяшчэння дата-цэнтраў, а такія кампаніі маюць пэўныя патрабаванні да паліцыі і пажарных службаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?