Работнікі Маладзечанскага завода металаканструкцый атрымалі ўсю зарплату за май, як і абяцаў раней выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара Дзмітрый Купрыянаў.

Праблемы з выплатай зарплаты на заводзе пачаліся больш за месяц таму. Згодна з кантрактам зарплата выплачваецца 21-га дня кожнага месяца. Не атрымаўшы разлік за красавік, 8 чэрвеня рабочыя наладзілі стыхійную забастоўку. Грошы ім выплацілі толькі 12 чэрвеня пасля прыезду на завод старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры.

Пазней ў рабочых узніклі праблемы з атрыманнем зарплаты за май. Не ажыццявіўшы разлік за май 21 чэрвеня, Дзмітрый Купрыянаў папрасіў рабочых пачакаць да канца месяца. Аднак зарплату выплацілі нават раней — 26 чэрвеня, паведаміў БелаПАН газарэзчык прадпрыемства Дзмітрый Ваховіч.

Паводле яго слоў, цяпер людзі працуюць, пра нядаўнія праблемы і праведзеную 8 чэрвеня забастоўку не ўспамінаюць.

«Цяпер ёсць надзея на тое, што калі затрымкі зарплаты і будуць здарацца, то кіраўніцтва своечасова будзе пра іх паведамляць. Сумняваюся, што ў будучыні забастоўкі могуць паўтарыцца. Тады, 8 чэрвеня, у людзей проста накіпела. Бо паўгода ніхто з кіраўнікоў з намі размаўляць не хацеў. Давялося баставаць. Цяпер усё змянілася. З намі лічацца і вядуць дыялог», — сказаў Ваховіч.

За май Ваховіч атрымаў 4 мільёны рублёў. Паводле яго слоў, гэта сярэдняя зарплата на заводзе, якую работнікі атрымалі за апошні вясновы месяц.

Купрыянаў называе мінулую забастоўку «рабочай сустрэчай» і гаворыць, што цяпер завод забяспечаны замовамі, але не ўдакладняе, якімі менавіта, спасылаючыся на камерцыйную тайну.

«Цяжкасці ўзнікаюць на любым прадпрыемстве, тым больш у гэты няпросты час. Я хаджу па заводзе, размаўляю з калектывам і бачу, што настрой у рабочых цяпер нармальны, — сказаў кіраўнік. — Хацелася б, вядома, каб нагрузка ў нас была больш рытмічная, але, упэўнены, з часам усё наладзіцца канчаткова. Не буду пакуль раскрываць, з якімі замовамі мы цяпер працуем. Бізнес любіць цішыню».

Паводле слоў Купрыянава, сярэдняя заработная плата на заводзе за апошнія пяць месяцаў склала 3 мільёны 600 тысяч рублёў.

Дзмітрый Купрыянаў, з'яўляючыся намеснікам генеральнага дырэктара па камерцыі і эканамічных пытаннях, працягвае выконваць абавязкі генеральнага дырэктара. Гендырэктар Міхаіл Ангерчык знаходзіцца на бальнічным. Купрыянаў сцвярджае, што не ведае, калі будзе прызначаны новы генеральны дырэктар і хто менавіта ўзначаліць прадпрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?