У пятніцу рэдактар «Нашай Нівы» наведаў Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Менску. На гэты момант Латвія прадстаўляе ў Беларусі інтарэсы Эўразьвязу.

У выніку гутаркі было дамоўлена, што на чарговай сустрэчы паслоў краінаў ЭЗ, якія адбываюцца ў аўторкі, пасол Латвіі спн. Майра Мора паінфармуе сваіх калегаў пра сытуацыю вакол «Нашай Нівы» і азнаёміць з Рэдакцыйным зваротам у гэтай справе.

Варта нагадаць, што рыхтуецца зварот да Прэзыдэнта і Прэм’ер-міністра Літвы з просьбай, каб яны хадайнічалі перад ЮНЭСКА аб уключэньні газэты «Наша Ніва» ў «Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва». На думку Рэдакцыі, Літва мае маральнае права на гэта, бо «Наша Ніва» ў 1906–1915, 1991–1996 выдавалася ў Вільні. 100-годзьдзе газэты, якая вытварыла беларускую літаратурную мову, беларускую клясычную літаратуру, беларускую дзяржаўніцкую ідэю – добрая для таго нагода. «Наша Ніва» мае прасіць урады іншых краінаў, міжнародныя і недзяржаўныя інстытуцыі, што маюць такое права, падтрымаць гэтае хадайніцтва перад ЮНЭСКА.

Раней прадстаўнікі «НН» ужо паінфармавалі пра разьвіцьцё сытуацыі паслоў Літвы і ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0