Расійскія сілы адступілі з пасёлка Шырокіна пад Марыупалем. Пра гэта сёння паведаміў спікер Адміністрацыі Прэзідэнта Украіны па пытаннях антытэрарыстычнай аперацыі Аляксандр Матузянік.

Шырокіна было захоплена расійскімі сіламі ў жніўні 2014 года. У лютым украінскія сілавікі адбілі пасёлак, з якога баевікі маглі абстрэльваць 600-тысячны Марыупаль з мінамётаў. У чэрвені 2015-га рускія спрабавалі адбіць Шырокіна назад. У выніку ў баях з абодвух бакоў загінула некалькі дзясяткаў чалавек.

1 ліпеня кіраўнікі так званай «ДНР» абвесцілі Шырокіна дэмілітарызаванай зонай. «У якасці акта добрай волі і дэманстрацыі мірных намераў кіраўніцтвам Данецкай народнай рэспублікі прынята рашэнне ў аднабаковым парадку лічыць населены пункт Шырокіна дэмілітарызаванай зонай. Узброеным сілам ДНР аддадзеныя ўказанні не пачынаць нават агонь у адказ на дадзеным кірунку», — заявіў намеснік старшыні «народнай рады ДНР» Дзяніс Пушылін.

У пачатку чэрвеня таксама правалілася спроба захопу гарадка Мар'інка на захад ад Данецка.

Апошнім вялікім поспехам расійскіх войскаў застаецца захоп Дэбальцава у лютым 2015 года.

У баях пад Шырокінам бралі ўдзел і беларускія добраахвотнікі, якія бароняць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў складзе батальёна «Азоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?