Першае кафэ сеткі хуткага харчавання Gaudeamus адкрылася ў корпусе БДУ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе універсітэта.
Кавярня адкрылася ў корпусе, дзе размяшчаецца Інстытут журналістыкі, а таксама факультэт філасофіі і сацыяльных навук. «У кафэ абнавіўся інтэр'ер, меню дапоўнілася стравамі з італьянскай, беларускай і рускай кухняў. З'явіўся бар з сучасным абсталяваннем, утульная тэраса павялічыла колькасць пасадачных месцаў на 50», — распавялі ў прэс-службе ВНУ.
«Сетка універсітэцкіх кавярань Gaudeamus» — новае пазіцыянаванне камбіната грамадскага харчавання БДУ. «Змены наспявалі даўно. Нам здалося мала абнаўлення толькі інтэр'еру і меню. З'явілася патрэба ў стварэнні брэнда кафэ», — распавяла дырэктарка камбіната грамадскага харчавання ВНУ Жанна Варанкевіч. Акрамя таго, у кафэ з'явілася маркетынгавая стратэгія і новая канцэпцыя прадастаўлення паслуг.
У складзе камбіната 8 сталовак, 1 кафэ-бістро, кандытарскі цэх, 10 міні-кавярань, 2 кіёскі. Агулам усё — на 1250 месцаў. Сетка кавярань зарабляе і на банкетным абслугоўванні, дастаўцы гарачых абедаў, кейтэрынгу.
Сама назва Gaudeamus («Узрадуемся») — гэта, нагадаем, знакамітны студэнцкі гімн на лацінскай мове. «Гаўдэамус ігітур ювэнэс дум сумус..»