Пра тое, што ён атрымаў прэмію «Гліняны Вялес» за кнігу вершаў «Пэнаты», Алег Мінкін даведаўся ад карэспандэнта «НН». «У мяне такі стан душы, што я не чытаю ніякай пэрыёдыкі, — патлумачыў паэт. -— «Пэнаты» — зборнік, куды ўвайшлі вершы, напісаныя на працягу жыцьця, якія я лічу найлепшымі, якія маюць пэўны ўзровень. Гэта прыкладна 60% ад усёй «вершаванай прадукцыі», што я напісаў. Храналягічнага падзелу кніга ня мае, яе ўнутраная структура — цыклі, у якіх разьвіваецца тая ці іншая тэма.

«НН»: Спадару Мінкін, вы стала жывяце ў Вільні. Чаму, калі і адкуль вы туды пераехалі?

Алег Мінкін: Я нарадзіўся ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласьці, у вёсцы Чарнаўка, а ў Вільню пераехаў у 1991 годзе з Берасьця. На пытаньне «чаму пераехаў» не маю стопрацэнтнага адказу і сам. Гэта адбылося на «нашаніўскай хвалі», распачатай Сяргеем Дубаўцом, калі некалькі сям’яў беларускіх інтэлігентаў перабраліся ў нашу старажытную сталіцу, каб абазначыць у ёй беларускую прысутнасьць.

«НН»: Гэта ўдалося зрабіць? Цяпер беларуская прысутнасьць адчуваецца вамі, адчуваецца іншымі жыхарамі Вільні?

АМ: На працягу васьмі гадоў я выдаваў газэту віленскіх беларусаў «Рунь». Такім чынам, я спрычыніўся да гэтага працэсу прафэсійна. Што да іншых шляхоў... Неабавязкова зьбірацца тысячай чалавек, каб разам сьпяваць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Мы тут жывем, мы беларусы, мы творчыя людзі — гэта і ёсьць прысутнасьць.

«НН»: Ці няма ў вас адчуваньня ізаляванасьці ад Беларусі, ці не шкадуеце, што зьехалі?

АМ: Не шкадую. Ізаляванасьць пэўная ёсьць, але яна хутчэй выклікана ўласьцівасьцямі маёй натуры, а ня зьнешнімі абставінамі. Туга па Радзіме ёсьць, але яна не тэрытарыяльная. Ёсьць туга па Радзіме ўнутранай, Радзіме дзяцінства. Вельмі рэдка я там бываю, і адчуваю, што туга нават не па месцы, а па нечым іншым.

«НН»: Ці маглі б вы ацаніць сучасны стан беларускай літаратуры, паэзіі і параўнаць яго са станам літоўскай літаратуры?

АМ: Паколькі я не сачу за пэрыёдыкай, у тым ліку і літаратурнай, то не магу рабіць і высноў аб стане цэлай літаратуры. Вельмі ўрыўкава да мяне даходзяць адзінкавыя рэчы... Магчыма, тое, што мне далі гэтую прэмію, паверне мяне зноў да беларускага літаратурнага працэсу. Зь літоўскай літаратуры ведаю, збольшага, клясыкаў. Цяпер больш цікаўлюся украінскай паэзіяй — перакладаў Міколу Зэрава, Зьмітра Фалькіўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?