Рашэнне, прынятае ўдзельнікамі Вялікага нацыянальнага сходу ў Кішынёве 5 ліпеня, носіць сімвалічны характар, лічаць эксперты, паведамляе Deutsche Welle.
На цэнтральнай плошчы Кішынёва ў нядзелю, 5 ліпеня, адбыўся Вялікі нацыянальны сход. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі пытанне пра аб'яднанне Малдавіі і Румыніі. Пасля мітынгу ў Кішынёве яны рушылі маршам па іншых гарадах і райцэнтрах краіны. Акцыю ініцыяваў Блок нацыянальнага адзінства (БНА), які аб'ядноўвае ўніянісцкія арганізацыі Малдавіі і Румыніі. Паводле звестак арганізатараў, форум сабраў каля 30 тысяч чалавек, тады як паліцыя налічыла каля 3000.
Рашэнне правесці цяперашні Вялікі нацыянальны сход было прынята на мітынгу прыхільнікаў аб'яднання Малдавіі і Румыніі 16 мая. На працягу паўтары месяцаў ішла інтэнсіўная падрыхтоўка.
Акцыю рэкламавалі на расклееных па горадзе плакатах, па радыё і тэлебачанні. Але, насуперак чаканням арганізатараў, народу сабралася менш, чым чакалася. Віной усяму спякота і «не самы ўдалы час для Вялікага нацыянальнага сходу, бо нехта ў адпачынках, хтосьці — на вакацыях», лічыць адзін з удзельнікаў форуму, студэнт універсітэта румынскага горада Галац і старшыня Клуба студэнтаў з Бесарабіі і Паўночнай Букавіны Андрэй Жукэряну.
«Мы павінны выкарыстоўваць шанец і далучыцца да ЕС, увайшоўшы ў склад Румыніі», — заявіла ў інтэрв'ю DW выкладчык адной з кішынёўскіх ВНУ Галіна Спрынчан. Яна спаслалася на агульную гісторыю дзвюх краін, нагадаўшы, што тэрыторыя сучаснай Малдавіі ўваходзіла ў склад Румыніі з сакавіка 1918-га па чэрвень 1940 года. «Трэба вярнуць Румыніі яе спрадвечныя землі — Бесарабію і Паўночную Букавіну. Калі мы не ўз'яднацца, Масква ніколі не дасць нам магчымасці ўступіць у ЕС», — упэўненая Спрынчан.
Распачаты пасля мітынгу Марш аб'яднання пройдзе з Кішынёва да мяжы з Румыніяй ў горадзе Унгены. Яго ўдзельнікі маюць намер у суботу, 11 ліпеня, перайсці па мосце раку Прут і адправіцца ў румынскі горад Ясы. Завершыцца марш у Бухарэсце.