Экс-кандыдат на выбарах — 2010, паэт Уладзімір Някляеў змясціў у сваім фэйсбуку зварот да патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты і іх ініцыятыўных груп.

«Мая прапанова зняцца з выбараў да пачатку рэгістрацыі ініцыятыўных груп і вылучыць адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай апазіцыі палітвязня Мікалая Статкевіча не знайшла падтрымкі патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. У каторы раз я пачуў аргументы, галоўны з якіх: сцэнар выбараў з удзелам палітвязня — гэта не палітыка, а літаратура. П'еса. Твор для тэатра», — напісаў У. Някляеў.

«Што ж, калі нават гэта літаратура, п'еса, дык у нас хіба не тэатр?.. Але гэта палітыка.

Зняўшыся з прэзідэнцкіх выбараў у падтрымку Статкевіча, апазіцыя паставіла б іх нязменнага пераможцу ў сітуацыю, у якой ён ніколі не быў. Або вызваляй палітвязня, або перамагай самога сябе.

Гэта хіба не палітыка?.. А што тычыцца таго, што над ёй, што вышэй за яе: чалавечай высакароднасці, еднасці, салідарнасці - дык мы нікому яшчэ ўсёй грамадой не дапамаглі.

Не падняліся разам. Не ўзвысілася. Разумееце?..

Гэта магла быць адна з лепшых старонак у гісторыі беларускай апазіцыі. Наогул прыгожая гісторыя, якая магла стаць легендай. У ёй усё для гэтага ёсць. Акрамя аўтараў, якія маглі б яе напісаць. Мне шкада сюжэту…», — мяркуе ён.

«Зрэшты, яго яшчэ можна рэалізаваць. Тое, што не зрабілі кіраўнікі апазіцыйных структур, могуць зрабіць сябры апазіцыі», — прапануе экс-лідар кампаніі «Гавары праўду».

«Яе працаўнікі, актывісты, калі ўступяць у ініцыятыўную групу Статкевіча. Калі не стануць збіраць подпісы за іншых кандыдатаў, наперад ведаючы, што неабходныя 100000 подпісаў ніводная структура ў цяперашніх умовах, калі апазіцыя без сродкаў і пры вельмі абмежаваных людскіх рэсурсах, не збярэ. Што ўсе будуць абменьвацца падпіснымі лістамі, скарыстоўваць старыя базы дадзеных, ранейшыя спісы выбаршчыкаў, фальсіфікаваць, падманваць. 

Потым гэтая фальш будзе зарэгістраваная як праўда, будзе завераная фальшывай пячаткай ЦВК, фальшывыя кандыдаты пойдуць на фальшывыя выбары - і ў каторы раз паўторыцца спектакль аднаго акцёра …

Вы хочаце ў гэтым удзельнічаць? Падпісвацца сваімі імёнамі пад падманам? Навошта? Дзеля чаго?.. Цяперашнія выбары з тым сцэнаром, які прапісала ўлада і ў якім пагадзілася ўдзельнічаць апазіцыя, толькі кансервуюць сітуацыю, у якой кожны з вас у любы момант можа апынуцца на месцы Статкевіча. Вам выбіраць», — рэзюмуе Някляеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0