Камандзір адной з часцей Бабруйскага гарнiзона замест таго, каб вучыць падначаленых салдатаў вайсковай справе, здаваў iх у арэнду камерсантам.
Паводле звестак упраўлення iнфармацыi i сувязяў з грамадскасцю Генеральнай пракуратуры, маёр па просьбе свайго знаёмага накiроўваў у яго распараджэнне вайскоўцаў для пагрузкi будаўнiчых матэрыялаў. За танную рабсiлу афiцэр атрымаў ад удзячнага бiзнэсмена «ганарар» у памеры 100 тысяч рублёў. І гэта быў не адзiнкавы выпадак, калi камандзiр часцi салдацкiмi рукамi паляпшаў свой дабрабыт. Як высветлiла пракуратура, камандзiр таксама «пазычаў» сваiх падначаленых адной фiрме для пагрузкi i разгрузкi садавiны.
За злоўжыванне ўладай Бабруйскi мiжгарнiзонны суд прыгаварыў маёра да 3 месяцаў арышту. Нядобрасумленны афiцэр таксама звольнены з Узброеных Сiлаў Беларусi.