З пункту гледжання ККД зняцце дэмакратычных прэтэндэнтаў з выбараў у падтрымку вылучэння Мікалая Статкевіча малаэфектыўнае, заявіў БелаПАН лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. 

Нагадаем, 29 чэрвеня экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар стваранага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзімір Някляеў прапанаваў усім апазіцыйным прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду зняцца з выбараў да пачатку рэгістрацыі ініцыятыўных груп і падтрымаць вылучэнне Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам ад дэмсіл. Такое рашэнне ён назваў «адзіна правільным як з пункту гледжання палітыкі, так і з пункту гледжання маралі», а таксама «выратавальным для апазіцыі». 

«Калі штабы Таццяны Караткевіч і Сяргея Калякіна на прапанову Някляева адказваюць «так», то я, прызнаючы, што гэта малаэфектыўна, у раёне нулявой адзнакі, гатовы гэта падтрымаць, — сказаў Лябедзька. — Калі яны сказалі «не», то і абмяркоўваць няма чаго. Давайце перагорнем старонку і паглядзім, як праз гэтую кампанію, наш рэальны ўдзел у ёй мы можам прапагандаваць тэму палітзняволеных,

не падзяляючы іх на болей ці меней важных. Лічу, што ў папярэднія парламенцкую і мясцовую кампаніі мы як ніхто іншыя зрабілі шмат для раскруткі і актуалізацыі тэмы палітзняволеных». 

Як раней паведамлялася, патэнцыяльны кандыдат ад кампаніі «Народны рэферэндум» Таццяна Караткевіч і старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, а таксама іншыя прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта не падтрымалі ініцыятыву Някляева. Караткевіч заявіла, што не падтрымае гэтую прапанову, паколькі прадстаўляе інтарэсы людзей, якія падпісаліся за правядзенне рэферэндуму. Калякін жа назваў ініцыятыву Някляева бессэнсоўнай прапановай. Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч абвінаваціў Някляева ў піяры. Кіраўнік выбарчага штаба беспрацоўнага Юрыя Шульгана Павел Канавальчык заявіў, што той не будзе здымацца з выбараў, паколькі «Статкевіч усё адно не можа быць зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?