Пытанне аб адводзе ўзбраенняў калібрам меншым за 100 мм ад лініі сутыкнення ў Данбасе пакуль не вырашанае, заявіў прадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па Украіне Марцін Сайдзік паводле вынікаў пасяджэння, што прайшло 7 ліпеня ў Мінску, паведамляе БелаПАН.

«Тут былі сапраўды сур'ёзныя перамовы, — адзначыў ён. — Падгрупа па бяспецы кантактнай групы абмяркоўвала сітуацыю ў пасёлку Шырокіна і пытанне адводу ўзбраенняў калібрам меншым за 100 мм. У гэтым пытанні, спадзяемся, мы можам ужо прыняць рашэнне наступным разам».

Між тым, прадстаўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін учора заявіў, што кампраміс па дадзеным пытанні ўжо знойдзены.

Як далей паведаміў дыпламат, на пасяджэнні падгрупы па эканоміцы размова ішла аб «пытаннях водазабеспячэння і паслугах мабільнага банкінгу што да выплаты пенсій». Падгрупа па бяспецы абмеркавала «пытанне доступу да палонных».

Спецпрадстаўнік АБСЕ ніяк не пракаментаваў вынікі сустрэчы падгрупы па палітычных пытаннях. Атмасферу сённяшніх перамоў у Мінску Сайдзік ахарактарызаваў як канструктыўную. Паводле яго слоў, наступны раўнд адбудзецца праз два тыдні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0