Жылічы |
У Беларусі на рэканструкцыю гісторыка-культурных аб’ектаў у 2008 годзе будзе накіравана 97 мільярдаў рублёў (гэта ўсяго толькі 45 мільёнаў даляраў), паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намесьнік міністра культуры Ўладзімер Грыдзюшка.
Працы будуць весьціся на 15 аб’ектах, уключаных у дзяржаўную інвэстыцыйную праграму на сёлета па Міністэрстве культуры.
Сярод новых аб’ектаў — рэканструкцыя будынку Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Сёлета будзе распрацавана праектна-каштарысная дакумэнтацыя правядзеньня рэканструкцыі й капітальнага рамонту. Працы плянуецца пачаць у 2009 годзе.
Сёлета пачнецца рамонт будынку Нацыянальнага музэю гісторыі й культуры Беларусі, а таксама філіялу Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры ў вёсцы Завосьсе. Прыступяць і да будаўніцтва спартова-культурнага комплексу Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры й мастацтваў, праектна-досьледныя працы ўжо праведзеныя. На аб’ект вылучана 3 мільярды рублёў.
Самым маштабным аб’ектам, які будзе ўведзены ў эксплюатацыю сёлета, стане будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры й балету. Тут плянуецца асвоіць амаль 70 мільярдаў рублёў. Заплянаваны да ўводу ў эксплюатацыю першы пускавы комплекс помніку архітэктуры XVI-XX стагодзьдзяў у Міры ў складзе ўсходняга комплексу, унутранага дворыку, дзьвюх галерэй, дзьвюх вежаў, апартамэнтнай часткі й рэстарану. Працягнуцца працы ў палацава-паркавым ансамблі ў Нясьвіжы.
Заплянавана праектаваньне кварталу вуліц Леніна й Кірава, які зойме Нацыянальны мастацкі музэй. Ад сёлетняга ліпеня пачнуцца працы па рамонце будынку Менскага дзяржаўнага вучылішча імя Глебава.
Праектна-досьледныя працы для ўзнаўленьня гісторыка-культурнай каштоўнасьці ХІХ стагодзьдзя — палацава-паркавага ансамблю ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласьці праведзены летась, у 2009-м пачнецца рэканструкцыя. Гэта ўнікальны комплекс. Там захавалася шмат ляпніны, пазалоты, дэкору. Пасьля ўзнаўленьня сядзібны комплекс у Жылічах па многіх парамэтрах практычна ня будзе саступаць Нясьвіскаму палацава-паркаваму ансамблю, адзначыў намесьнік міністра.
Працы будуць працягнутыя на гісторыка-культурнай каштоўнасьці ХVIII стагодзьдзя — комплексе былога калегіюму езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці, а таксама XIX стагодзьдзя — сядзібным комплексе (музэі) ў вёсцы Красны Бераг Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці. Мінкультуры прымае долевы ўдзел у рэстаўрацыі гэтых аб’ектаў.