Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі апублікаваў на сваім сайце даведку-даклад галоўнага ваеннага пракурора Н. Афанасьева «Аб 28 панфілаўцах» ад 10 мая 1948 года.

У дакуменце сцвярджаецца, што подзвіг 316-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерала Івана Панфілава, які стаў легендай, на самай справе быў выдумкай ваенных карэспандэнтаў. Згодна з дакладам, як мінімум пяцёра байцоў, якія «гераічна загінулі», насамрэч выжылі, а адзін з іх увогуле сам здаўся ў нямецкі палон і добраахвотна служыў паліцаем.

Нагадаем, што «кананічная» версія подзвігу такая: 16 лістапада 1941 года, калі пачалося новае наступленне праціўніка на Маскву, байцы 4-й роты на чале з палітруком Клачковым, ажыццяўляючы абарону ў раёне раз'езда Дубасекава, што побач з Валакаламскам, у ходзе 4-гадзіннага бою знішчылі 18 варожых танкаў. Усе 28 чалавек загінулі, ніхто не здаўся (дакладней, адзін паспрабаваў, але яго застрэлілі самі «панфілаўцы»). Фраза «Вялікая Расія, а адступаць няма куды — за намі Масква!», якую нібыта вымавіў перад смерцю палітрук Клачкоў, была ўключана ў савецкія школьныя і ўніверсітэцкія падручнікі па гісторыі.

Помнік панфілаўцам у Казахстане, фота 4dekor.blogspot.com

Помнік панфілаўцам у Казахстане, фота 4dekor.blogspot.com

Даклад ваеннага пракурора абвяргае легенду. У ім гаворыцца, што ўпершыню «подзвіг панфілаўцаў» з’явіўся ў нарысе карэспандэнта газеты «Чырвоная Звязда» Карацеева. Гэты нарыс выйшаў 27 лістапада 1941 года, ў ім сцвярджалася толькі, што ўсе байцы загінулі, не прапусціўшы ворага, без падрабязнасцей. А на наступны дзень выйшаў разгорнуты матэрыял літаратурнага сакратара гэтай жа газеты Крывіцкага пад назвай «Запавет 28 панфілаўцаў», дзе і была тая версія пра «панфілаўца-здрадніка», які вырашыў здацца.

Аднак і гэта не ўсё. У студзені 1942 года Крывіцкі ізноў публікуе артыкул пра «панфілаўцаў». У ім падрабязна апісваецца бой, гучаць рэплікі «герояў», называюцца іх імёны і прозвішчы. Пры гэтым, летам 1942 года ўсе гвардзейцы, якія фігуравалі ў тэксце, пасмяротна атрымалі званні герояў Савецкага Саюзу.

У расследаванні ваеннага пракурора сцвярджаецца, што ўсе шматлікія публікацыі, артыкулы, нават вершы, паэмы і песні, прысвечаныя «панфілаўцам», былі створаныя ці самім Крывіцкім, ці пры яго ўдзеле.

Шматлікія помнікі панфілаўцам і па сённяшні дзень стаяць на ўсёй постсавецкай прасторы, у іх гонар названы вуліцы (ёсць такія і ў Брэсце, і ў Жлобіне).

Прома-плакат да стужкі «Дваццаць восем панфілаўцаў»

Прома-плакат да стужкі «Дваццаць восем панфілаўцаў»

Цікава, што ў чэрвені у Расіі завяршылі здымкі фільма «Дваццаць восем панфілаўцаў». Праект адметны тым, што, па сцвярджэнні яго аўтараў, ім удалося з дапамогай краўдфандынгу сабраць на здымкі больш за 33 мільёнаў рублёў. Прадзюсер фільма Андрэй Шальёпа так пракаментаваў сітуацыю з тым, што гістарычны факт, пра які ён зняў фільм, аказаўся фэйкам: «У легендарных подзвігах, якія сталі часткай культуры народа, захоўваецца маральны патэнцыял. Гэта тое, з чаго складаецца наша нацыянальная самасвядомасць. Гэта тыя простыя прыклады, якія дазваляюць нам выхоўваць новыя пакаленьні. Чапаць іх нельга. Гэта святыні. Спрабаваць развенчваць нацыянальныя подзвігі можна толькі для таго, каб аслабіць маральныя апоры народа».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?