Шаноўнае спадарства!

Я хачу зьвярнуцца да чальцоў грамадзкай ініцыятывы, якія складаюць сьпісы “неўязных” у Эўропу.

Мне малазнаёмыя прозьвішчы шмат каго з гэтае “неўязное” кампаніі. Я ніколі зь імі не кантактаваў, і ня вельмі хочацца. Хаця сярод іх, напэўна ж, ёсьць таямнічыя “байцы нябачнага фронту”, якія паўплывалі на цяперашнюю сытуацыю з канцэртамі незалежных музыкаў у нашай краіне.

Дык вось. Не паўтарайце чужых памылак. Не кранайце, калі ласка, таварышаў Смолаву, Ярмоленку і іншых афіцыйных сьпевакоў. Ну, сьпявалі (зрэшты, не сьпявалі, усё было пад фанаграму) яны на агітацыйных канцэртах, ну, давалі інтэрвію пра адданасьць уладзе… А што ім было рабіць? Гэтыя людзі – на дзяржслужбе. Яны працуюць у тэатрах эстрады, дзяржаўных аркестрах, іншых нейкіх установах. Адмовіцца ад канцэрту – значыцца, падпісаць сабе як артысту вырок тут, у Беларусі. Зь мяйцовае зоркі ты робісься чорнай дзіркай. Ці жоўтым карлікам. А дзе ім яшчэ працаваць? У якой краіне? Толькі тут ёсьць шанец.

Не кранайце іх. Ну, артысты, ну, прыдворныя, хто ж кранае артыстаў! Кранайце ідэёлягаў, начальнікаў… У нашых эстраднікаў папросту не было выбару. Вось раптам усё зьменіцца, і ў іх зноў ня будзе выбару – яны будуць на баку дзяржавы, якой бы яна ні была. Гэта спэцыфіка работы.

Таму я прашу Вас адклікаць прозьвішчы сьпевакоў і сьпявачак з Вашага “неўязнога” сьпісу. Удзел у агітацыйных канцэртах - гэта не злачынства, гэта іхная бяда. Яны прымусілі сябе паверыць (ня ўсе, натуральна, лепшыя, найбольш таленавітыя й шчырыя зь іх, астатнія папросту цынічна займаюцца кар’ерай) што працуюць у імя лепшае будучыні, міру, стабільнасьці і дабрабыту народу, за Беларусь. Толькі што гэта за Беларусь – безь беларускае мовы, з гісторыяй, што пачынаецца з Другой Сусьветнай вайны, бяз Быкава і Барадуліна… Зрэшты, гэта ім не растлумачыш, ня варта й пачынаць.

Яшчэ раз прашу, шаноўнае спадарства, тыя, хто складае сьпісы “неўязных” людзей: не прыпадабняйцеся дзяржаўным ідэёлягам, якія ў адзін момант “разабраліся” з айчыннай незалежнай музыкай! Нашыя пап-выканаўцы – як спартоўцы, як жаўнеры – што ім загадаюць, тое і зробяць, тое і скажуць. Ня варта караць жаўнераў, карайце афіцэраў і генэралаў.

Калі Вас не пераканала ўсё вышэйсказанае, скажам гэтак: Сьвет ня ведае нічога пра нашых “майстроў эстрады”. Пасьля Вашых забаронаў даведаецца. Вам гэта трэба?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?