Кіроўца, па версіі родных, магла не ўбачыць картэж з-за пылу. Еўрарадыё рэканструюе момант здарэння і высвятляе, з якой хуткасцю ехала спецмашына.

У чацвер 9 ліпеня вырашыцца пытанне наконт меры стрымання для 23-гадовай Ганны В., якая 5 ліпеня сутыкнулася з картэжам спецмашын. А пакуль з дзяўчынай не могуць паразмаўляць ні яе мама, ні сёстры, ні 4-гадовы сын Ілля. У бальніцы ў яе канфіскавалі мабільны тэлефон.

Нагадаем, што аварыя здарылася ўвечары пад вёскай Александрыя. Здарэнне стала рэзанансным, бо, паводле непацверджанай інфармацыі, Ганна В. сутыкнулася з мікрааўтобусам службы аховы прэзідэнта. Двое супрацоўнікаў — у цяжкім стане.

Дзяўчына ехала са сваякамі на возера. Відэарэгістратар службовага мікрааўтобуса «Мэрсэдэс» зафіксаваў момант аварыі. На відэа бачна, што легкавік вылецеў на сустрэчную паласу сапраўды раптоўна. У выніку сутыкнення ніхто з пасажыраў «БМВ» па-сапраўднаму моцна не пацярпеў. А вось мікрааўтобус са спецлужбоўцамі некалькі разоў перакуліўся.

Муж Ганны В.: «Прама ў палаце яе ўзялі пад арышт на 72 гадзіны»

Ганна В. жыве ў Шклоўскім раёне, працуе майстрам на адным з харчовых прадпрыемстваў. Дзяўчына — спецыяліст у галіне мяса-малочнай вытворчасці. Вось-вось яна збіралася адзначаць з мужам 5 гадоў сумеснага жыцця.

Правы Ганна атрымала менш за два гады таму. Пасля сутыкнення з мікрааўтобусам яе таксама даставілі ў бальніцу.

«Жонка адчувае сябе добра за выключэннем таго, што яна пад арыштам. Былі ўдары грудной клеткі і ўдары рук. Прама ў палаце яе ўзялі пад арышт на 72 гадзіны. У чацвер 9-га ліпеня будзе вырашацца, куды яна трапіць — у СІЗА ці пад дамашні арышт», — дзеліцца з Еўрарадыё небагатай інфармацыяй муж Ганны В. Міхаіл. Увага з боку Следчага камітэта такая, што лішняга ён пра здарэнне казаць не хоча.

Марыя Іванаўна, маці Ганны В., заплакала, калі згадала пра здарэнне пад Александрыяй:

«Аказваецца, у той машыне абодва ўнукі мае былі, абодва зяці, абедзве дачкі! Як іх собіла трапіць у аварыю — не разумею. Дзякаваць Богу, што жывыя, што ехалі з нізкай хуткасцю і што машына надзейная была».

Чаму «БМВ» пратараніла мікрааўтобус

Калі глядзіш відэа аварыі, увогуле незразумела, з-за чаго легкавік з Ганнай і яе блізкімі выехаў на сустрэчную паласу. Ад крыніцы, якая мае дачыненне да абставінаў аварыі, Еўрарадыё даведалася пра тое, што пасажыры «БМВ»патлумачылі праваахоўнікам. Яны падзяліліся назіраннямі, што «картэж нёсся на вялікай хуткасці». З-за гэтага нюансу і пылу, паднятага пярэднімі аўтамабілямі, своечасова заўважыць мікрааўтобус Ганна не змагла. Калі ж затармазіла, адно з колаў трапіла на пясок, і «БМВ» занесла прама пад мікрааўтобус.

«Не магу вам паведаміць усіх падрабязнасцяў аварыі, бо баюся нешта перакруціць. Ведаю толькі, што Ганна — дзяўчынка акуратная, дысцыплінаваная, адказная. Да таго ж, у машыне былі дзеці. Таму чалавечы фактар з яе боку — гэта наўрад ці. Мяркую, гэта магло здарыцца з-за дрэннай дарогі і дрэннага агляду…» — лічыць Святлана, родная сястра Ганны.

З якой хуткасцю рухаўся картэж

Еўрарадыё вывучыла трасу, на якой адбылося здарэнне, і знайшло на гугл-картах месца аварыі ў 5 кіламетрах ад Александрыі.

За секунды да сутыкнення кіроўца «БМВ» толькі-толькі пераадолела горку. І тут жа ўбачыла перад сабой спыненыя на абочыне аўтамабілі і картэж. Па інфармацыі відавочцаў, спецмашыны маглі ехаць хутчэй за дазволеныя на той дарозе 90 км/г.

Пункт 25 главы 6 Правілаў дарожнага руху дазваляе кіроўцам транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння перавышаць хуткасць пры ўмове, што арганізаваная бяспека дарожнага руху, а на машыне ўключаныя сінія ці сінія і чырвоныя маячкі.

Спрабуем высветліць, з якой хуткасцю ўсё ж рухаўся мікрааўтобус «Мэрсэдэс».

Падлікі

Вядома, што картэж ехаў з Александрыі ў бок Оршы па трасе Р-76. Калі мы параўналі відэа аварыі са здымкамі трасы з космасу, атрымалася знайсці прыблізнае месца здарэння. На відэа бачна, што злева ад трасы расце некалькі дрэў, справа — «жоўтае» поле, далей злева — невялічкі лясок і лес далёка наперадзе. Таксама справа бачым дарожны знак.

На ўсёй трасе ёсць толькі адно падобнае месца. На яшчэ адным відэа з інтэрнэта, дзе зняты кавалак гэтай трасы, таксама без праблем і сумневаў распазнаем тое самае месца.

Ад пачатку запісу, які апублікаваў Следчы камітэт, да непасрэднага сутыкнення мікрааўтобус з картэжу праехаў 7 аднолькавых белых раздзяляльных палос. Згодна з мапамі Гугла, гэта прыблізна 81 метр.

Запіс відэарэгістратара «Мэрсэдэса», апублікаваны Следчым камітэтам, запаволены, але там ёсць таймкод. Згодна з ім, рэальная секунда на відэа займае 4 секунды ў рэчаіснасці. На відэа да сутыкнення праходзіць прыблізна 9 секунд, а гэта значыць, што рэальна прайшло ўсяго 2,25 секунды.

Мікрааўтобус з картэжу за гэтыя 2,25 секунды праехаў каля 81 метра. Гэта прыблізныя падлікі, але атрымліваецца, што хуткасць «Мэрсэдэса» магла дасягаць 129,6 км/г.

Адзначым, што праз 170 метраў ад месца аварыі знаходзіцца пешаходны пераход, прыпынак і скрыжаванне. На хуткасці 130 км/г аўтамабіль праязджае такую адлегласць усяго за 5 секунд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?