Асаблівасьці гэтай сям’і: яны шчырыя і дзейныя вернікі. Алена і Сяргей Панасевічы жывуць у Берасьці. Сяргей, які ў свой час скончыў радыётэхнічны, працуе загадчыкам цэху на прыватным прадпрыемстве. Алена, матэматык з адукацыі, займаецца зь дзецьмі (у сям’і тры хлопчыкі: Юрась, 9 год, Стась, 6 год ды Ігнась, 4 гады), раней была прадпрымальніцай. Сяргей адзін час быў старшынём рады ў берасьцейскай грэка‑каталіцкай парафіі Сьв. братоў‑апосталаў Пятра і Андрэя. Сяргей гаворыць па‑беларуску; у сябе дома ён ладзіць сустрэчы зь цікавымі для кола іхных сяброў людзьмі. Пасьля апошняй такой сустрэчы — зь філёзафам‑манахам Пётрам Рудкоўскім — я і напрасілася да іх у госьці, каб пагутарыць.

Да Бога прывёў сын

Наталка Бабіна: Скажыце, калі ласка, як адбыўся ваш прыход менавіта да ўніятаў?

Алена Панасевіч: Я полька, была ахрышчаная ў касьцёле. Але ні я, ні Сяргей, калі бралі шлюб, не былі такімі ўжо актыўнымі вернікамі. Наша хрысьціянскае ўзрастаньне і наша сямейнае жыцьцё пачаліся адначасова.

Сяргей Панасевіч: Даволі доўга мы чакалі дзяцей, і калі нарадзіўся Юрка — гэта быў штуршок, пакліканьне да адказнасьці. Я магу сказаць, што да Бога мяне прывёў першынец. А чаму менавіта ўніяты? Ведаў пра гісторыю уніі. Для мяне вельмі важна, што сучасныя грэка‑каталікі панесьлі крыж беларускасьці. І, нарэшце, менавіта ўніяцтва давала мне магчымасьць быць у адной царкве з жонкай. Я, праваслаўны паводле хросту, і яна, з рыма‑каталікоў, знайшлі тут тое, што шукалі.

Калі нарадзіліся нашыя дзеці, выявілася, што, каб быць «дбайным бацькам і ахвярнай маці», мусім адмовіцца ад прыемнага баўленьня вольнага часу, абмяжоўваць уласныя інтарэсы і выдаткі, лічыць капейчыну. Трэба ўвесь час выбіраць паміж важным і найважнейшым. Выявілася, што мы з жонкай маем недахопы, якія нас раздражняюць і раняць. Я заўважыў за сабой, што зусім не гатовы да сьвядомага і радаснага служэньня блізкім, што крыўдую, а не дарую сваёй жонцы, што сам не магу разьвязаць сямейныя праблемы… Мы з жонкай пачалі закрываць свае душы адзін ад аднаго, не жадаючы раніць і захоўваючы прыстойны выгляд… Давялося прызнаць: я — слабы, бо «будаваў на пяску», бяз Бога! Менавіта ў той час, пяць гадоў таму, мы, з блаславеньнем параха, трапілі на тыднёвыя сужэнскія рэкалекцыі. «Так заклаў Ісус пачатак цудаў у Кане Галілейскай і зьявіў славу Сваю; і ўверавалі ў Яго вучні Ягоныя».

АП: Калі я выйшла з раддому, са зьдзіўленьнем даведалася, што муж рэгулярна ходзіць у грэка‑каталіцкую царкву. Дарэчы, беларускасьць тады мяне абсалютна не цікавіла, была па‑за полем майго зроку. Я пазыцыянавала сябе як полька з Гарадзеншчыны. Пачатак нашых сумесных крокаў у царкве паставіў перад намі шмат выклікаў: гэта і пытаньне больш глыбокага навяртаньня да Бога, і моўнае пытаньне, і пытаньне беларускасьці — і ўсё гэта ў досыць складаны для нашай сям’і час. Празь нейкі час мы далучыліся да стварэньня «Брацтва Каны», супольнасьці сужэнстваў, якія прагнуць працаваць для еднасьці асобы, сям’і, Царквы, грамадзтва і праходзяць сумесную фармацыю. Сустрэчы брацтва наведваюць, апроч каталікоў, і праваслаўныя, і пратэстанты, і няверуючыя. Але мы кантактуем як хрысьціянскія сем’і. Нашыя кантакты ў аснове сваёй маюць Хрыста.

НБ: Раскажыце падрабязьней пра сваіх дзетак. Іх трое. Гэта быў сьвядомы выбар?

АП: Першы сын быў літаральна доўгачаканы, таму, калі стала ясна, што хутка ў нас народзіцца другое дзіця, мы былі толькі радыя. Досыць нечакана для нас неўзабаве аказалася, што будзе і трэцяе. Дактары гаварылі, што мне трэба пачакаць з родамі, бо пасьля двух кесаравых сячэньняў прайшло занадта мала часу. Тым ня менш, ніякага ваганьня — нараджаць ці не нараджаць — у мяне не было.

СП (сьмеючыся): Мы займаемся «сынагадоўляй», але сьмела можна сказаць, што гэта ня мы выхоўваем дзяцей, а яны нас.

НБ: Яны ў вас ходзяць у школу, дзіцячы садок?

АП: Старэйшы, Юрка, ходзіць у трэцюю клясу. Калі яму прыйшла пара ісьці да школы, мы сталі шукаць у Берасьці беларускамоўную клясу. Такой не аказалася. І мы аддалі яго ў польскую.

НБ: Ці задаволеныя вы школай, якасьцю навучаньня?

СП: Так. У польскай клясе нам імпануе несавецкі адукацыйны падыход.

АП: Пані Эва Казімерчак, полька, якая працавала тут настаўніцай, вельмі многа працавала ня толькі зь дзецьмі, але і з бацькамі, ствараючы бацькоўскую супольнасьць, прывучаючы да салідарнасьці… Цяпер у нас іншая настаўніца, тутэйшая, але і яе прафэсійны ўзровень нас задавальняе.

НБ: А ці цяжка вам, Алена, упраўляцца з трыма хлопчыкамі?

АП: Няпроста. Цяпер большая частка майго часу ідзе на ўладкаваньне побыту, і гэта, прызнаюся, прыгнятае. Я працягваю займацца прадпрымальніцтвам, але мінімальна: з аднаго боку, тут уплывае наяўнасьць маленькіх дзяцей, з другога боку — эканамічная сытуацыя ў краіне не спрыяе… Выжыць цяжка.

НБ: А садкоў беларускіх у Берасьці таксама няма?

АП: Няма. Стасік і Ігнат у нас дзьвюхмоўныя, і гэта заўважна. На ранішніках менавіта ім даюць беларускія вершыкі.

Літаратурны салён

НБ: Калі я патрапіла на вашыя сяброўскія сустрэчы, мяне моцна ўразіла, на якім эўрапейскім узроўні вы ўсё арганізавалі — пачынаючы ад пытаньняў, якія задавалі людзі, і заканчваючы цудоўным пачастункам. Адкуль у вас гэтая эўрапейскасьць, сьвецкасьць у лепшым значэньні слова?

СП:Для мяне беларускасьць пачыналася з маёй бабулі, якая і цяпер жыве ў Мсьціславе. Там я ўпершыню пачуў натуральную беларускую мову, на якой людзі размаўлялі, як дыхалі. Тут я жыў у Камянцы, каля славутай вежы, у іншым моўным асяродку, тут мова мясцовая бліжэй да ўкраінскай. Наступны штуршок для мяне быў — Караткевіч, «Каласы пад сярпом тваім». Менавіта гэтая кніга прымусіла мяне задацца пытаньнем: вось я называюся беларусам, я беларус, але гэта ніяк не праяўляецца ў тым, як я жыву. Такая досыць шызафрэнічная сытуацыя, якая мяне прыгнятала. Спрабаваў размаўляць па‑беларуску, адчуваючы сябе белай варонай. Гэта ня вельмі прыемна было. І вось у 2002 годзе, калі мы выехалі на сэсію «Каны» ў Варшаву, я назіраў за людзьмі іншых нацыянальнасьцяў, шчырымі хрысьціянамі, якім ня трэба было сябе дэманстраваць, і зразумеў, як гэта натуральна: быць тым, кім ты завесься. Гэта быў нейкі пункт пералому. З таго часу я стаў размаўляць па‑беларуску ня толькі зь дзецьмі, у сям’і, але і на працы, паўсюль — пры гэтым пазьбягаючы дэманстратыўнасьці, дзе гэта магчыма.

НБ: А сучасная беларуская літаратура падаецца Вам цікавай?

СП: Літаратура — спосаб інтэлектуальнага разьвіцьця. Для мяне няма бар’еру, па‑беларуску кніжка ці па па‑расейску. Беларускае — гэта, канечне, сваё. Але, напрыклад, самае цікавае з таго, што я чытаў апошнім часам, — гэта кніжка па‑расейску Людмілы Ўліцкай «Даніэль Штайн, перакладчык». Дазволіць сабе асалоду паламаць галаву над ARCHE ці пачытаць цікавую кніжку я магу толькі ноччу, калі ўсе хлопцы нарэшце сьпяць…

НБ: А кола вашых сяброў — хто яны?

СП: Розныя людзі, зь якімі мы пазнаёміліся ў розных абставінах. Многа сярод іх вернікаў.

НБ: А не бянтэжыць вас, што большасьць людзей навокал не жывуць ні верай, ні беларускасьцю?

АП:Ня тое што бянтэжыць, палохае! Як з гэтым змагацца? Мы хочам узьдзейнічаць сваёй прысутнасьцю і пазыцыяй. Тое, што прапануем сваім знаёмым, — бацькам дзетак у садку, бацькам у школе, іншым людзям — простыя чалавечыя зносіны. Дзелімся тым, чым жывем. Гэтага хочацца нам самім, хочацца людзям. Гэтаму мы навучыліся ў хрысьціян.

НБ: А ці вартыя гэтыя сустрэчы клопату?

СП: Калі бачыш, што блішчаць вочы ў тых, хто прыходзіць, калі разумееш, што людзі пачулі нешта тое, чаго прагнулі — адчуваеш радасьць.

АП: Я жартую, называючы гэтыя сустрэчы літаратурным салёнам. Мне б вельмі хацелася, каб яны працягваліся. Я хацела б паслухаць Марыю Вайцяшонак, абмеркаваць традыцыі кулінарыі з Алесем Белым… Што да адкрытасьці, то яна вынікае з духоўнага жыцьця.

СП: Я спрабую цяпер глядзець на сваё жыцьцё як на час, дадзены мне Госпадам, каб я мог узрастаць. Часамі так глядзець цяжка. Але сказаць, што нашае жыцьцё аднастайнае і нецікавае, немагчыма.

Пра беларускасьць Берасьця

НБ: Берасьце — паводле сваёй сутнасьці, шматнацыянальны і шматканфэсійны горад. Ці заўважаеце вы гэта?

СП: На жаль, не. Шматнацыянальнасьць і шматканфэсійнасьць — нейкія падпольная. Людзі выходзяць на вуліцу і робяцца, як усе. Што тыя ж украінцы сьвядомыя тут ёсьць, я магу здагадацца толькі па сьвежых кветках каля помніка Шаўчэнку, а больш ні па чым…

НБ: Алена, ці ёсьць у Вас нейкая настальгія па Польшчы, жаданьне пераехаць туды?

АП: Не, няма. Польскасьць у сям’і маіх бацькоў праяўлялася найбольш праз рэлігійныя традыцыі. Цяпер, хутчэй, я адчуваю сябе беларускай, грамадзянкай Беларусі.

Пра будучыню дзяцей

НБ: Як вы ўяўляеце будучыню сваіх дзяцей?

АП: Цяпер у нас вялікія надзеі зьвязаныя з тым, што нашыя дзеці далучацца да хрысьціянскай супольнасьці, што мы будзем працягваць працу ў нашай царкве.

СП: Я вельмі доўга спадзяваўся, што змагу «ўсё пасьпець» у выхаваньні сваіх сыноў. Але цяпер я зразумеў, што я нічога ня здольны даць ім сам. З гэтага моманту спадзяюся толькі на Провід Божы…

НБ: Чаму Вы гаворыце, што нічога ня зможаце даць? Вы працуеце, у Вас цудоўная кватэра, якая ў любым выпадку застанецца дзецям… Гэта ж нямала.

СП: Я кажу ня столькі пра матэрыяльнае, колькі пра ўвагу, нейкія дадатковыя магчымасьці для разьвіцьця, нейкія свае ўменьні, якія хацеў бы перадаць. Жыцьцё аказваецца зусім не такім, як ты яго ўяўляеш, плянуеш. Таму я гавару, што будучыня залежыць толькі ад Бога.

Гутарыла Наталка Бабіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0