На запраўках «Слаўнафты» ў Магілёве раздавалі бел-чырвона-белыя стужкі з арнамэнтам. Аўтаўладальнікі чаплялі іх да сваіх машын.
На запраўках «Слаўнафты» пацьвярджаюць, што сапраўды 3 ліпеня раздавалі такія стужкі, але падрабязнасьцяў пра сваю акцыю паведамляць не пажадалі. Зазначылі толькі, што аўтамабілісты бралі стужкі з ахвотай. Цяпер машын зь імі на гарадзкіх магістралях нямала.
«Гэта ж сымбаль беларускі, а ня нейкая там георгіеўская стужка. І ў беларускай стужкі колеры добрыя», — кажа адзін з магілёўскіх аўтаўладальнікаў.
Яшчэ адзін суразмоўца на сваёй машыне мае «Пагоню» і стужку, якую займеў на запраўцы.
«Ды падабаюцца мне гэтыя сымбалі, — заяўляе ён журналісту. — Не падабаецца толькі цяперашняя ўлада. Вось з-за гэтага і прымацаваў іх і буду вазіць, і няхай паспрабуюць забараніць».
«Якую стужку мне далі на запраўцы «Слаўнафты», такую я і пачапіў, — кажа яшчэ адзін аўтаўладальнік.
«Там яны ляжалі ў свабодным доступе — бяры колькі хочаш. Калі б сам набываў, то рабіў бы, вядома ж, нейкі выбар, а так далі — і павесіў. Мне наагул падабаецца беларускі арнамэнт», — кажа суразмоўца.
Хоць машын зь беларускай сымболікай і паболела, іх, аднак, заўважна меней, чым з расейскай атрыбутыкай і гэтак званымі георгіеўскімі стужкамі. Апошнім часам, праўда, колькасьць машын з расейскімі сьцяжкамі менее, а вось з афіцыйнай сымболікай Рэспублікі Беларусь становіцца больш.
Каментары