РГА «Белая Русь» мае намер за пяць дзён сабраць сто тысяч подпісаў у падтрымку вылучэння прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта заявіў старшыня арганізацыі Аляксандр Радзькоў, выступаючы 11 ліпеня ў Мінску на пашыраным пасяджэнні рэспубліканскага савета аб'яднання.
«Для гэтага неабходна выкарыстоўваць усе існуючыя магчымасці: збіраць у пікетах, пры пакватэрным абыходзе», - сказаў ён, адзначыўшы, што на зборы толькі ста тысяч подпісаў спыняцца не трэба.
Радзькоў падкрэсліў, што «Белай Русі» па сіле сабраць неабходную для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты колькасць подпісаў, бо толькі колькасць актывістаў у самой арганізацыі складае больш за 155 тысяч чалавек.
Ён адзначыў, што неабходна пераканаць выбаршчыкаў, што менавіта Лукашэнка з'яўляецца «нацыянальным лідарам». «Чалавек павінен быць узброены унутраным перакананнем, што мы разам з ім», - сказаў Радзькоў.
Прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў Беларусі 11 кастрычніка.