Прэм'ер-міністр Сербіі Аляксандр Вучыч раней часу пакінуў жалобную цырымонію ў Срэбраніцы пасля таго, як з натоўпу ў яго паляцелі камяні і бутэлькі.
Як перадаюць інфармагенцтвы з месца падзей, сербская дэлегацыя спешна пакінула цырымонію і накіравалася да прыпаркаваных за могілкамі машынаў.
Перад гэтым Вучыч выступіў на жалобнай цырымоніі, прысвечанай 20-й гадавіне забойства 8000 баснійскіх бежанцаў - самага крывавага злачынства ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Яго прамова была сустрэтая няўхвальным гулам.
Для ўдзелу ў жалобных цырымоніі ў Срэбраніцы з'ехаліся дзясяткі тысяч чалавек. У суботу тут будуць пахаваныя выяўленыя і ідэнтыфікаваныя з дапамогай аналізу ДНК парэшткі 136 ахвяр разні ў Срэбраніцы.
У Срэбраніцу таксама прыбылі дзясяткі дзяржаўных дзеячаў з розных краін свету, сярод іх — кіраўнік замежнай палітыкі ЕС Федэрыка Магерыні, экс-прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, прэм'ер-міністр Турцыі Ахмет Давутаглу, брытанская прынцэса Анна і каралева Іарданіі Нур.
Біл Клінтан, які быў у 1995 годзе прэзідэнтам ЗША, папрасіў прабачэння за тое, што для спынення вайны спатрэбіўся такі доўгі час. «Я ніколі больш не хачу ўбачыць падобнае масавае забойства людзей», - сказаў ён.
Аляксандр Вучыч назваў разню ў Срэбраніцы «жахлівым злачынствам»
Аднак на цырымоніі ў Вучыча паляцелі камяні.
Клінтан пахваліў прэм'ер-міністра Вучыча за яго рашэнне прыехаць на памятную цырымонію.
У адкрытым лісце Вучыч напісаў: «Сербія выразна і адназначна асуджае гэта жахлівае злачынства, адчувае агіду да тых, хто прымаў у ім удзел, і будзе працягваць прыцягваць іх да адказнасці».
Раней сербскія ўлады забаранілі праводзіць памятныя цырымоніі ў Бялградзе пасля пагроз, якія паступілі ад правых груповак.
Напярэдадні ў Босніі каля 10 тысяч чалавек узялі ўдзел у штогадовым маршы міру, паўтараючы шлях людзей, якія спрабавалі пакінуць Срэбраніцу ў 1995 годзе.
Як гэта было
У часе вайны на Балканах у красавіку 1993 ААН абвясціла Срэбраніцу зонай бяспекі. Такім чынам ААН спрабавала не дапусціць шматлікіх ахвяр сярод мірнага насельніцтва Босніі і Герцагавіны. У адпаведнасці з рэзалюцыяй Савета Бяспекі ААН, любога роду напады там былі выключаныя.
За 20 гадоў з дапамогай аналізу ДНК ўдалося ідэнтыфікаваць каля 700 ахвяраў разні.
Тры мусульманскія анклавы - Срэбраніца, Жэпа і Гораждэ - на тэрыторыі ўсходняй Босніі, захопленай баснійскімі сэрбамі ў 1992 годзе, перашкаджалі планам сербам па стварэнні этнічна аднастайнай дзяржавы ў Босніі.
Адносная бяспека Срэбраніцы прывяла да таго, што ў горад, які жыў у мінулым у асноўным за кошт здабычы срэбных руд, з усходніх раёнаў Босніі прыбылі тысячы бежанцаў. Насельніцтва горада ўзрасло да 40 тысяч чалавек.
У пачатку лета 1995 генерал Ратка Младзіч пачаў буйнамаштабнае наступленне на Срэбраніцу. Горад абараняў галандскі батальён «блакітных касак» ААН. Аднак толькі палова батальёна складалася з баявых падраздзяленняў; каля 200 чалавек займаліся дапаможнымі задачамі.
Не атрымаўшы ніякага супраціву з боку галандскіх міратворцаў, сербы пачалі наступ і ўзялі ў закладнікі ўвесь склад «блакітных касак» ААН. 11 ліпеня горад быў захоплены войскам басьнійскіх сэрбаў.
ААН не змагла абараніць бежанцаў. 12 ліпеня жанчын, старых і дзяцей пагрузілі ў аўтобусы і вывезлі ў раёны, кантраляваныя баснійскіх урадам.
Мужчын і падлеткаў адправілі, як выказаўся генерал Младзіч, на «допыты ў сувязі з іх магчымым дачыненнем да здзяйснення ваенных злачынстваў».
На працягу наступнага тыдня, паводле ацэнак Міжнароднага суда ААН, каля 8000 захопленых баснійскіх мужчын і хлопчыкаў ад 13 да 77 гадоў былі расстраляныя. Арганізацыя забойстваў - удзел транспарту, узаемадзеянне падраздзяленняў, падрыхтоўка масавых пахаванняў - сведчылі пра тое, што гэта была спланаваная аперацыя.
Забойства ў Срэбраніцы сталі самай масавай разнёй ў Еўропе пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Захоп горада стаў апошняй ваеннай перамогай баснійскіх сербаў у кампаніі 1992-1995 гадоў. Але з палітычнага і дыпламатычнага пункту гледжання гэтая аперацыя прынесла ім катастрофу.
У часе цырымоніі будуць пахаваныя больш за сто ахвяраў разні.
Цяпер заходнія краіны былі аднадушныя ў сваім жаданні пакласці канец вайне ў былой Югаславіі.
Праз два месяцы авіяцыя НАТА з адабрэння ААН нанесла бомбавыя ўдары па пазіцыях баснійскіх сербаў.
З прычыны перспектывы поўнай паразы, баснійскія сербы пагадзіліся на спыненне агню і мірную канферэнцыю ў Дэйтане.
Вета Расіі
8 ліпеня Расія наклала вета на рэзалюцыю Савета Бяспекі ААН аб прызнанні разні ў Срэбраніцы ў 1995 годзе генацыдам.
Вялікабрытанія ўнесла на разгляд гэтую рэзалюцыю, нягледзячы на пратэст Расіі і Кітая.
Праект рэзалюцыі быў сустрэты варожа ў Сербіі. Баснійскія сербы звярталіся з просьбай да Расеі накласці вета на прыняцце гэтай рэзалюцыі.
У тэксце праекта рэзалюцыі, у прыватнасці, утрымлівалася фраза: «Прызнанне трагічных падзей у Срэбраніцы ў якасці генацыду з'яўляецца неабходнай умовай для прымірэння».
У 2007 годзе міжнародны суд ААН вынес вердыкт аб тым, што масавыя забойствы ў Срэбраніцы былі генацыдам.