У савецкіх беларусаў няма ўласнай гісторыі, яны па-ранейшаму перажываюць чужую, чужынскую, часта варожую, у іх няма сваёй дзяржаўнасьці, яны працягваюць будаваць чыюсьці, у іх няма нацыянальнай арміі, яны па завядзёнцы б’юць у замежныя, янычарскія літаўры і барабаны.

На пляцы каля статуі ў нас вайна цэлая: ці ня кулямётная страляніна, бо надта ж гучна, выбухі… Мне ўсё чутно, але я ня бачу. Ня страшна, няцяжка дадумаць. У мяне ёсьць апавяданьне пра інсцэніроўку Сталінградзкай бітвы на плошчы гэтай. Але адчуваю, што сёньня хутчэй нешта іншае адбываецца. Варыянты адказу: абарона Масквы, абарона лініі Сталіна, штурм рэйхстагу. Я схіляюся да апошняга, бо надта ж па-баявому гучаць чэргі, дый пераможная вайна ў горадзе, гэта ў Бэрліне павінна быць, дзе ж яшчэ?

Аказваецца, у Смольным спаць не маглі, пакуль не стварылі “вааружоныя сілы распублікі”, нашай з вамі. Праўда, семсят гадоў аўтарам дэкрэту быў асабіста Ленін, цяпер кажуць, што Троцкі, а неўзабаве высьветліцца, што іншы які-небудзь іхні Навухаданасор, проста ён трапіў пазьней у мясарубку і газэты зь яго прозьвішчам і партрэтамі перапісалі, перадрукавалі і перападшылі.

Якая прыемнасьць гады ў рады ўключыць “бэтэ”, апынаешся ў маладосьці, у заўчорашнім дні, у экалягічна дачарнобыльскай БССР. Прыўкрасная інсцэніроўка на ўзроўні салдацкай агітбрыгады на тэму стварэньня гэных самых “вааружоных сіл распублікі”. Шчыры да наіўнасьці зачын. Апанаваны панікай, перапужаны салдацік, шэрашынэльны акопнік, ня хоча больш ваяваць, палохаецца ўголас, засьпяваючы публіку зьнянацку сваёй беларускай мовай.

Рашучым крокам да яго кіруе чорна-скураны чакіст, які кантрасна чаканіць правільнай рускай мовай, пачынаючы з лаянкі: дурань ты! І гэта далей, ваяваць трэба за родную савецкую ўладу, за расейскую рэспубліку рабочых, сялян і салдацкіх дэпутатаў! І пайшло-паехала на кінаэкране: будзёнаўкі, тачанкі, першая конная наступае, Варашылаў. Як па-беларуску!

Затым нейкі чырвоны генэрал учыняе перапалку зь нямецкім у 41-м. Хоць да Ўрала дойдзеце, усё роўна пабяжыце назад, бо Белая Русь — яна вялікая, магутная і г.д. Баязьліваму фрыцу няма чым крыць, хаця трэба аддаць належнае, ён падрыхтаваўся да ўсходняга паходу, дасканала вывучыў расейскую мову.

Далей беларусы галопам узялі Бэрлін і вярнуліся дахаты: на чыгуначным вакзале шыльда “Минск”. Потым на сцэне з прапаршчыцкай падпеўкай выканаў прыемным барытонам “пяхота — мужская трудная работа” ажно цэлы саліст-палкоўнік, прыгадаўшы штосьці ў тэксьце мімаходам пра слаўную Расею. Як жа безь яе?!

Пасьля яго паявіўся манумэнтальны мужчына, які выдаў ваенную тайну: нашыя вааружоныя сілы — правапрыемнікі колішняй вайсковай акругі са штабам на беразе Сьвіслачы. Паведаміўшы гэта, ён таксама засьпяваў у мікрафон. Вось табе маеш! Сакрэт польшынэля. А мы галовы ламалі!

Прыемна часам сапраўды ўспомніць родную вайсковую акругу: яна была для нас чужой бочкай пораху, мы былі рэспублікай закладнікаў. Як вядома, за Оршай войска не трымалі. Яно ўсё было тут. У Горадні амаль на кожнай вуліцы, ня лічачы спальных раёнаў, стаяла войска. А ядзерныя зарады хавалі ў беларускіх пушчах, назвы мясьцінаў таксама вядомыя.

Пасьля таго, як ГСВГ спрабавала выканаць сваю задачу у вайсковых штабных гульнях — маршам выйсьці да Ля-Маншу, другім эшалёнам наступала нашая слаўная беларуская акруга. Няцяжка ўявіць, што ў сапраўднай вайне Беларусь тады ператваралася ў могілкі, каторы ўжо раз. Затое масквічы маглі спаць спакойна. Але чаго ня зробіш дзеля вайсковай славы вааружоных сіл!

Вы на правільным шляху: калі беларуская акруга — гэта беларуская армія, то што тады тры беларускія франты, якія выгналі фрыцаў з Літвы, Усх. Прусіі, Польшчы, штурмавалі Бэрлін. Адчуваеце, як мы расьцем ва ўласных вачах?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?