Апавяданьне Марыі Вайцяшонак, прысьвечанае Ірыне Казулінай, было надрукавана ў “НН” № 6 (508). Толькі яна не хацела, каб справа дайшла да мужа, каб турэмшчыкі выкарысталі гэта, каб прымусіць мужа адрачыся ад ягоных прынцыпаў. Магічны зьбег абставінаў: апавяданьне пабачыла сьвет роўненька год таму, 23 лютага 2007 году...

Што гэта за Новы год? Не было сьнегу — адныя восеньскія мыдліны. Усе чакалі сьвята, а зямля яшчэ не была перасланая з будзённага на сьвяточнае. І трэба было самой рупіцца, ствараць таямніцу, штовечар па зорах запальваць сямісьвечнік, здумляць, што паставіць на стол.

Вецер з ракі, чайкі раз-пораз падымаюцца над вадой, над дробным рабаціньнем, белай пенай вышэй і вышэй да высокай хвалі. Прыбой ужо б’ецца аб сьцяну. Наш белы дом на самым беразе выдаецца прагулачным параходам — з пакояў кватэры я бачу толькі ваду і той бераг. Месяц блісьне з-за хмар срэбнай лускай, як шчупак на нерасьце, абдасьць пырскамі. Я дзіўлюся, што ў нас, у людзей, якія жывуць каля вады, ані ў кога няма прыватнага чаўна.

І толькі за некалькі дзён да Новага году позна ўвечары пайшоў сьнег, буйны, кожная сьняжынка асобнай выцінанкай, хоць ты яго ў кошык зьбірай, як зімовыя кветкі, і нясі пацешыцца дамоў. І ў гэты момант нехта распачаў салют! Сярод сьнегу расьцьвіталі рознакаляровыя пэтарды. Вядома ж, выпадковае супадзеньне.

Стоячы ў вакне, я мроіла, што жыву ў каралеўстве (у якім такім веку, на якім такім сьвеце), дзе загадана вітаць першы сьнег, смалячы з гармат.

Было пераслана з будзённага толькі на адну ноч, але гэтага быццам і дастаткова, каб засьпяшацца накупляць падарункаў. Тым больш, што ў касьцёлах ужо прагучала сакральнае: «Перадайце бліжняму знак супакою…» І я, накінуўшы нешта на плечы абы з дому, захапіўшы цукеркі, пайшла да Аляксандры — гэта спусьціцца з майго паверху крыху ніжэй. Мы мала знаёмыя, але часта біярытмы нашыя супадалі, і мы сустракаліся ў пад’езьдзе, у ліфце, ня болей. Іншы раз яна была з дарослым і дочкамі, усе трое звычайна надэчыўшыся да астатняга. Выдавалася, яны райскімі птушкамі зьляталі праз ноч з залатога шаста і толькі за дзьвярыма пераўвасабляліся ў маладых жанчын зь Зялёнага мысу (на высокіх абцасах, у нечым рознакаляровым, толькі што пер’е ня ветрае на галовах), якіх поўны наш горад. Ня мой фармат, як той казаў. Але ейны заўсёдны настрой, непасрэдная весялосьць змушвалі радасна адазвацца, усьцешыцца чужому балю-маскараду.

Цяпер усе ведалі: муж Аляксандры — палітычны вязень, у калёніі на некальк і год. Я ж сама ня маю аніякіх такіх амбіцый: не выходжу на плошчу, не вывешваю сьцягу на бальконе. Нядаўна, едучы ў таксоўцы, убачыла бел-чырвона-белы маленькі сьцяжок у салёне. «Гэта… польскі?» — запыталася ў маладога кіроўцы, не даючы веры сваім вачам. Гэта ж сярод белага дня! У цэнтры гораду! І таксоўка не бранявік! «Амаль усе мае пасажыры таксама блытаюцца», — адказаў ён засмучона. Сапраўды, мяне хвалююць, прывабліваюць выступы рэвалюцыйныя гэтак сама, як водар кветак дзікіх, занесенных ветрам у горад, як пах парфумы GUCCI: нешта вясновае — ландыш, фрэзія, дубовы мох і найболей — нарцыс. Я ішла да Аляксандры проста як да суседкі ў бядзе, каб перадаць знак супакою, дакрануцца да яе, бы стоячы ў касьцёле падчас службы.

Адчыніла сама Аляксандра. Голас яе ціхі, глухі, бы здалёк, з суседняга пакою, хоць стаяла побач — голас бяды, высахлае моўнае рэчышча. І толькі гэта падалося нязвыклым. А навокал буяла паўночнае зьзяньне — ейны заўсёдны космас. Усе праёмы дзьвярэй ва ўсіх пакоях у зыркіх гірляндах сьвяточных агнёў. Пазначаныя ўсе хады, як у суцэльнай цемры днём і ноччу, у якой яна цяпер, вядома, сябе адчувала. Гэта быццам сполахі памяці, калі ўсё зруйнавана, зьні шчаны дом, але недзе вось тут павінны быць дзьверы, і тут, і тут таксама. І не зачэпіш у гэтым доме па памяці плячом вушака, і не абапрэсься на яго. Аніводнага цёмнага кута ў пакоях, аніводнага, каб сумнага. Елка відаецца з парога, прыбрана густа, вясёлкавым і сумётамі, як сьнегападам у непагадзь. Елка вялікая, з шырокім нізам, як прыполам, дзеля яе, пэўна, адчыненыя падвойныя дзьверы ў зале. Аляксандра ў белай блюзцы. Яны абедзьве разам ходзяць, прыбраўшыся, па сьветлых пакоях, разам няўцямна паглядаюць у вакно, як… з маяка. Я ня здолела схаваць зьдзіўленьня, жалю, аглядаючыся, усё бачу скрозь свае стаячыя, стрыманыя сьлёзы, як праз ілюмінатары. «У нас так, як заўсёды, як Ён любіў…» — кажа Аляксандра. Глядзела на мяне здалёк, з тысячагодзьдзяў, калі жанчына ў непагадзь разводзіла выратавальнае вогнішча на беразе мора, каб пазначыць дарогу вяртаньня, дарогу дамоў.

Пяць хвілін у парозе, і я сьпяшаюся разьвітацца, у мяне сеў голас, падлога хістаецца пад нагамі, падымаюся да сябе ўжо, бы ў верхнюю каюту, успамінаю чы: на сваіх выступах ейны муж любіў паўтараць «Я — марскі пехацінец».

Пяць хвілін у парозе, і я адмаўляюся ад звычкі разумець каханьне як нешта інтымнае, асобнае, што тычыцца толькі дваіх, закаханых адно ў аднаго. Любое пачуцьце, тым больш каханьне, публічная, нават грамадзкая зьява, — гэта нешта такое, што зьяўляецца разам з чалавекам. Гэта ўсхваляваны пачуцьцём сьвет, як лічыць Альфрэд Кальлерыч. І мой сьвет таксама пасьля наведваньня Аляксандры.

Пяць хвілін у парозе, адкуль праз адчыненыя насьцеж дзьверы бачныя былі ўсе пакоі, увесь наш белы дом, уся нашая старана, дзе яшчэ дзейнічалі зьявы сублімацый старажытных рытуальных памкненьняў: арышты, астрогі. І памяркоўная згода людзей з усім, маўляў, «такі цяпер час» — абарончы рубеж сваёй абыякавасьці. Цяпер я разам з Аляксандрай намагалася трымаць у руках усе «ключы», каб не згубіць сваіх мройных уяўленьняў аб дасканаласьці боскага сьвету. Разам зь ёй вучылася не зжывацца з архетыпам параненага чалавека, што для большасьці з нас вельмі характэрна — бядуем, як у запоі, бяз дай прычыны.

У тую навагоднюю ноч я таксама спынілася каля ейнага вогнішча на беразе, спадзеючыся, што сьвятло дойдзе да тых, хто церпіць бяду або звычайную косную крыўду.

Вецер з ракі падаваў голас у выцяжцы — голас далёкіх вандровак у думках, вандровак і вяртаньняў, зноў і зноў да Аляксандры. Скончацца сьвяты, і яна здыме белую блюзку, як і елачную мішуру, выключыць сьвяточнае сьвятло. Толькі цяпер лёгка будзе знайсьці мне і кожнаму, хто яе ведае, выратавальны шлях па зорах. І здасца верагодным: каб яна была каралевай або проста жонкай прэзыдэнта, яна б загадала смаліць з гармат, калі б пайшоў доўгачаканы першы сьнег.

Хіба гэта не падзея ў нашым маленькім жыцьці — маленькім, як гэты аповед пра каханьне?

Надрукавана ў “НН” №6 (508) ад 23 лютага 2007

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0