Газета «Народная Воля» святкуе 20-годдзе. Падчас урачыстасці, што адбылася з гэтай нагоды пад Мінскам у нядзелю, паэт Уладзімір Някляеў прачытаў сваю гумарыстычную паэму ў двух частках, якую прысвяціў Іосіфу Сярэдзічу і ўсёй рэдакцыі «Народнай Волі».

«Першы нумар газеты набіраўся ў рэдакцыі часопіса «Крыніца», дзе я быў галоўным рэдактарам, — успомніў Някляеў. — Так што як бы маю да юбілею непасрэднае дачыненне. Тым больш, што набірала матэрыялы першага нумара Вольга Някляева. Дзве ночы. Займеўшы за гэта ганарар: дзве шакаладкі. Адну - ад Сярэдзіча, другую — ад мяне».

Я люблю сімволіку. Магічныя супадзенні знакаў, лічбаў. Таму віншую «Народную Волю» паэмай у дзвюх частках.

 

ДУРДОМ І НАРОДНАЯ ВОЛЯ

 

Паэма ў 2-х частках

 

Я не скажу, што тут трэба быць вялікім разумнікам. Тут трэба быць у першую чаргу вялікім вар’ятам. І я, напэўна, падлягаю пэўнай дыягностыцы.

Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар газеты «Народная Воля»

 

Частка першая

ДУРДОМ

 

Усё ўрэшце скончыцца Боскім судом,
Ці гневам Ягоным, ці смехам.
Таму беларусы будуюць дурдом.
Зацята. Паверх за паверхам.

 

Каб там, дзе ўсе душы ў адной чарадзе,
Дзе вечнасці ветры скразныя,
З’явіцца на Суд і сказаць на Судзе:
«А што з нас узяць?.. Мы дурныя!»

 

Частка другая

НАРОДНАЯ ВОЛЯ

 

…З’явіліся. Кебіч. Шушкевіч. Пазьняк.
Вярхоўны Савет (дзве палаты).
І кожны з даведкай, з пячаткай, што так,
Што ён сапраўды дурнаваты.

 

Цяперашніх процьма і процьма былых
Паўсталі - як сценка на сценку…
І перад усімі паперадзе ўсіх
На белым кані Лукашэнка!

 

Бог глянуў на іх - і сляза працякла
Па твары Ягоным паволі…
«Чакайце, - сказаў ён, - у вас жа была
Газета «Народная Воля!»

 

У вас быў Сярэдзіч! Калінкіна з ім!
Вам Коктыш і Эйсмант пісалі!..
Скажыце мне: як з інтэлектам такім
Вы ўсе ідыётамі сталі?

 

Я хворых, нябогіх судзіць не гатоў.
Гатоў аказаць дапамогу.
Скажы мне, Іосіф, любімец багоў,
Чаго ты хацеў бы ад Бога?

 

Кажы тры жаданні… Падумай тры дні.
Прыкінь. Ты ж не дурань нібыта,
Каб енчыць, як той, што на белым кані:
«Крэдыта! Крэдыта! Крэдыта!»

 

Хоць рай выбірай! Несмяроцце даю!
Ад рускіх мяжу, ад палякаў,
Каб я не журыўся ўсю вечнасць сваю
І па беларусах не плакаў!..»

 

О, як узбудзіўся народ-неафіт,
Як кінула ў жар пацыентаў!
«Дай рай нам!..»
«І вечнасць!..»
«І дай нам крэдыт
Мільярдаў на сто! Без працэнтаў!»

 

І мовіў Іосіф -
Ад Боскай слязы,
Ад раю і вечнасці блізка:
«Калі тры жаданні… тады ў тры разы
Прашу павялічыць падпіску».

 

Такая настала наўкол цішыня,
Нібы перад снегам увосень…
І з белага злез Лукашэнка каня:
«Ён мой быў, Іосіф, да гэтага дня -
Цяпер гэта твой конь, Іосіф!..»

11.07.2015

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0