Заснавальнік культурна-асветнай установы «Платформ інавейшн» віцябчанін Міхаіл Жамчужны прыгавораны да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Такое рашэнне прыняў 10 ліпеня Віцебскі абласны суд, паведамляе сайт «Платформ інавейшн». 

Суд над Жамчужным пачаўся 1 чэрвеня і праходзіў у закрытым рэжыме. Ён абвінавачваўся па артыкулах 376 (ч.1, ч.2), 375 (ч.1) і 431 (ч.1, ч.2) Крымінальнага кодэкса: наўмыснае абвяшчэнне звестак, якія складаюць службовую тайну; незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для непублічнага атрымання інфармацыі, якая складае службовую тайну; дача хабару.

Зараз Міхаіл Жамчужны і яго адвакат рыхтуюць касацыйную скаргу на прыгавор.

Для Жамчужнага гэта ўжо другі тэрмін: з 2007 года па 2012-ы ён адбываў пакаранне па эканамічным артыкуле. Менавіта ў сувязі з неадбытым па першым прыгаворы дадатковым пакараннем (2 гады і 8 месяцаў пазбаўлення права займацца арганізацыйна-прававой дзейнасцю) Міхаіл не трапіў пад амністыю. Неадбытае па папярэднім прыгаворы дадатковае пакаранне далучана да новага прыгавору суда. 

Пасля набыцця прыгаворам моцы Жамчужны будзе адпраўлены ў адну з калоній, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя, якія паўторна ўчынілі злачынствы, — гэта папраўчыя калоніі № 5 (Івацэвічы), № 8 (Орша), № 9 (Горкі), № 11 (Ваўкавыск), № 14 (Барысаўскі раён) і № 20 (Мазыр).

59-гадовы Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік, які першы ў Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. З 2007 года па 2012-ы Жамчужны ўжо адбываў пакаранне паводле эканамічнага артыкула КК. Паколькі Жамчужны мала вядомы сярод грамадскіх актывістаў, пра яго арышт даведаліся толькі праз паўтара месяца пасля затрымання. 

Варта зазначыць, што Жамчужны быў затрыманы неўзабаве пасля вынясення прыгавору па справе былога кіраўніка «Платформ інавейшн» Андрэя Бандарэнкі. 12 жніўня 2014 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў Бандарэнку вінаватым ва ўчыненні хуліганства, злоснага хуліганства і асабліва злоснага хуліганства (чч. 1, 2 і 3 артыкула 339 КК). Яго прыгаварылі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў. 

Культурна-асветная ўстанова «Платформ інавейшн» займаецца абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. Яна створаная на базе інфармацыйна-асветнай установы «Платформа», якая ў кастрычніку 2012 года была ліквідаваная рашэннем Мінскага гаспадарчага суда. Ініцыятарам стварэння і кіраўніком абедзвюх арганізацый з'яўляецца Андрэй Бандарэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?