За шэсць месяцаў гэтага года колькасць расійскіх турыстаў, якія адпачываюць у Беларусі, зменшылася на траціну ў параўнанні з адпаведным леташнім перыядам. Пра гэта паведаміў начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы РУП «Цэнтркурорт» Сяргей Верлуп на круглым стале ў Мінску 13 ліпеня. 

Паводле яго слоў, расійскія адпачывальнікі складаюць больш за 40% у беларускіх санаторыях і дамах адпачынку. 

Сярод прычын зніжэння попыту на беларускія здраўніцы з боку расійскіх турыстаў Верлуп назваў «запавольванне росту эканомікі Расіі». Апрача таго, зазначыў ён, «у Расіі назіраецца рост патрыятычных настрояў, цікавасці да сваёй краіны і, адпаведна, да расійскіх курортаў». 

Разам з тым офіс «Цэнтркурорта» ў Маскве функцыянуе, і кампанія захавала многіх сваіх пастаянных кліентаў, сказаў Верлуп. «Яны цэняць высокі ўзровень медыцынскага абслугоўвання ў здраўніцах Беларусі, — растлумачыў ён. — У прыярытэце расіян застаецца аздараўленне, адпачынак у нацыянальных парках. Мы будзем імкнуцца аказваць усё большую колькасць паслуг у санаторыях і дамах адпачынку, пашыраць спектр паслуг, у тым ліку якія аказваюцца праз інтэрнэт. Мы ствараем для кліента максімальна камфортныя варыянты па браніраванні і аплаце». 

Вядучы маркетолаг санаторыя «Прыморскі» (на Заслаўскім вадасховішчы) Аксана Цішчанка паведаміла, што попыт з боку расіян на паслугі здраўніцы зменшыўся ў два разы. Калі летась у санаторыі не было месцаў за некалькі месяцаў, то зараз колькасць прадажу зменшылася, і купіць пуцёўку можна напярэдадні заезду. Для прыцягнення турыстаў санаторый увёў скідкі для дзяцей, пенсіянераў, а таксама на зімовы перыяд. 

Выконваючы абавязкі дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Рыгор Памяранцаў канстатаваў падзенне экспарту турпаслуг у цэлым у краіне. Паводле звестак Міністэрства спорту і турызму, за студзень—сакавік 2015 года экспарт турпаслуг склаў 29,2 млн. долараў пры плане 80 млн. долараў. У 2014 годзе прагнозны паказчык па экспарце турпаслуг не выкананы ніводнай вобласцю і горадам Мінскам. 

На думку Памяранцава, такая сітуацыя звязана найперш з крызіснымі з'явамі ў мэтавых рынках, самым значным з якіх з'яўляецца Расія, адкуль у Беларусь прыязджаюць 70% замежных турыстаў. Сярод астатніх 30% — турысты з Літвы, Польшчы, Украіны. Больш за ўсё грошай у Беларусі пакідаюць турысты з Вялікабрытаніі, Германіі, Галандыі, Італіі і Турцыі. 

Такім чынам, сказаў Памяранцаў, у Беларусі неабходная дыверсіфікацыя турыстычных паслуг для выключэння залежнасці ад расійскага кірунку. Аднак гэтаму перашкаджаюць праблемы візавага рэжыму, транспартнай даступнасці, брэнду краіны і рэгіёнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?