Начальнік калёніі «Віцьба-3» Віталь Агністыкаў не атрымліваў ад вязьня Аляксандра Казуліна заяваў пра галадоўку. Пра гэта ён паведаміў 24 лютага журналістам, што прыбылі да калёніі.

Раней паплечнікі Казуліна распаўсюдзілі ягоную заяву пра гатоўнасьць пачаць сухую галадоўку, калі яго ня выпусьцяць на хаўтуры жонкі. «У выпадку калі цягам двух дзён мяне ня выпусьцяць, з 26 лютага я абвяшчаю сухую галадоўку, і тады за шэсьць-сем дзён нас з маёй жонкай пахаваюць разам», — гаварылася ў заяве.

У размове з журналістамі В. Агністыкаў пацьвердзіў, што пару гадзінаў таму А. Казуліну дазволілі пагаварыць па тэлефоне з дочкамі. Як цьвердзіць начальнік турмы, ён пры гэтай размове прысутнічаў, але ня чуў ніякіх заяваў пра галадоўку.

Раніцай 24 лютага дзяжурны пракурор Рэспубліканскай пракуратуры Мікалай Лявонаў прыняў ад Вольгі Казулінай заяву з просьбай даць магчымасьць Аляксандру Казуліну прысутнічаць на пахаваньні яго жонкі Ірыны Казулінай, якая памерла 23 лютага.

«Дзяжурны пракурор паабяцаў тэрмінова давесьці заяву да генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча», — cказала Вольга Казуліна. Пазьней ёй стала вядома, што заяву перадалі міністру ўнутраных спраў Уладзімеру Навумаву. Вольга Казуліна нікому з гэтых афіцыйных асобаў не тэлефанавала, паколькі была перакананая, што пытаньне пра вызваленьне бацькі насамрэч вырашаюць не яны.

«А які сэнс ім тэлефанаваць, калі ўсё роўна вырашае адзін чалавек?»

На той момант, паводле зьвестак Вольгі Казулінай, рашэньне пра вызваленьне Аляксандра Казуліна нібыта было прынятае і афармлялася ў адпаведных установах.

В. Агністыкаў паведаміў, што распараджэньняў наконт вязьня Казуліна зь Менску по-ранейшаму не надыходзіла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?