Каб судзіць камуністычную ідэалогію і палітычныя рэпрэсіі ХХ стагоддзя, трэба спачатку правесці судовую рэформу, заявіла ў Магілёве кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч.

У канцы чэрвеня Караткевіч выказалася аб неабходнасці павагі пачуццяў камуністаў, і гэта выклікала пэўны грамадскі рэзананс. «Трэба паважаць усе этапы гісторыі, не трэба нічога выкрэсліваць. Бо ёсць людзі, якія і гэта [камунізм] паважаюць, яны маюць свае пачуцці. А перайменаванне вуліц — не такая танная справа», — заявіла яна на сустрэчы з грамадскасцю ў Гродне.

Каментуючы гэтыя словы 14 ліпеня, палітык адзначыла, што перш казала аб дэкамунізацыі, якая, на яе думку, «павінна праходзіць мірна». «Мне падабаецца ідэя стварыць парк у лесе, напрыклад, куды можна звазіць гэтыя помнікі. А пра пачуцці… у мяне быў дзед, які быў сябрам партыі ўсё жыццё, быў дырэктарам саўгаса-мільённіка. Я яго не звязваю з тымі людзьмі, якія былі камуністамі і па іх ініцыятыве былі рэпрэсіі, разбурэнне інстытутаў рэлігіі», — сказала яна.

На думку Караткевіч, у Беларусі не павінны разбурацца помнікі, як ва Украіне, бо «гэта негатыў, а трэба гэта рабіць мірным шляхам».

Да суда над камуністычнай ідэалогіяй, якая прывяла да масавых рэпрэсій, неабходна правесці судовую рэформу і вярнуць давер суду, сцвярджае Таццяна Караткевіч. «Потым зрабіць даступнымі усе дакументы, каб ведаць, як і што было, каб можна было знайсці вінаватых. Як гэта ў Польшчы адбылося. І гэта не павінен вырашаць адзін чалавек. Трэба памяняць прэзідэнта, падзяліць уладу на тры галіны, каб судовая сістэма працавала справядліва. І гэта трэба гарантаваць», — лічыць яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?